Дарагія браты і сёстры!
З нагоды ўрачыстасці Уваскрасення Хрыста складаю сардэчныя пасхальныя віншаванні. Калі ў велікодную раніцу жанчыны стаялі каля пустой грабніцы Божага Сына, яны пачулі словы, якія ўзмацнілі іх веру: «Не бойцеся!» А таксама пачулі заклік і заданне: «Ідзіце хутчэй і абвясціце вучням».
Гэты пасхальны досвед становіцца таксама нашым асаблівым удзелам падчас кожнага святкавання Вялікадня.
Няхай перажыванне таямніцы Змёртвыхпаўстання Хрыста напоўніць наша жыццё энтузіязмам і радасцю ў рэалізацыі пастаўленых мэтаў і штодзённых заданняў, насычаных прысутнасцю Збавіцеля, які для нас прайшоў праз смерць і аб’явіў трыумф жыцця.
Радуючыся Уваскрасенню Божага Сына, жадаем быць сведкамі Яго перамогі над смерцю, грахом і ўсялякімі моцамі зла. Няхай святкаванне Яго паўстання з мёртвых напоўніць нашыя сэрцы радаснай надзеяй, якая выплывае з досведу велікоднай раніцы і факта пустой грабніцы. Няхай у гэты час, у які Божы Провід дазволіў нам жыць, асабліва ў цяжкія хвіліны, у нашых сэрцах гучаць словы суцяшэння святога апостала Паўла: «Калі мы церпім разам з Хрыстом, то прагнем разам з Ім і ўславіцца».
Перажываючы радасць Пасхі Божага Сына, жадаю, каб святло Яго Перамогі не пераставала напаўняць нашую штодзённасць досведам Яго пасхальнага благаславення. Няхай Езус, які прыходзіць да нас са збавенным дарам новага жыцця, дадае сіл і надзеі перад абліччам разнастайных выклікаў.
Напоўненыя велікодным энтузіязмам веры, абвяшчайма сваім жыццём хвалу і любоў Бога, які не перастае адорваць нас сваёй міласэрнасцю.
Няхай поўнае радасці і надзеі «Аллелюя!» няспынна спадарожнічае нам і напаўняе сапраўдным спакоем.
Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя!
Канонік Мінскага катэдральнага капітула
і пробашч парафіі Узвышэнне Святога Крыжа ў Вілейцы
ксёндз Аляксандр Барыла
Расклад святочных набажэнстваў у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы
19 красавіка, Вялікая Субота
У Вялікую Суботу Касцёл трывае ў малітоўным чуванні перад грабніцай Хрыста.
Асвячэнне велікодных страваў адбудзецца кожную гадзіну з 8.00 да 17.00.
Пасхальная Літургія распачнецца ў 21.00.
20 красавіка, Нядзеля Змёртвыхпаўстання Пана
Пасхальная працэсія і Святая Імша адбудзецца ў 7.00.
Святая Імша ў 12.00 і 18.00
21 красавіка, Панядзелак у актаве Пасхі
Святая Імша ў 12.00 і 18.00








