«Змяніць граніцу паміж Даўгінаўскім і Жарскім сельсаветамі Вілейскага раёна і перадаць населеныя пункты Аношкі, Грышкавічы, Жызнава, Камена, Крывазнакі, Пагост, Стахі са складу Даўгінаўскага сельсавета ў склад Жарскага сельсавета. Перайменаваць Жарскі сельсавет Вілейскага раёна ў Сцешыцкі сельсавет з адміністрацыйным цэнтрам, размешчаным у населеным пункце Сцешыцы».
(З рашэння Мінскага абласнога Савета дэпутатаў ад 30 кастрычніка 2009 года). 
Такім чынам адміністрацыя сельсавета перамясцілася з Жараў у аграгарадок. Для яе работнікаў падзея радасная, бо звязана яна не толькі са знешнімі пераменамі. Прыемна адчуваць сябе навасёламі. Менавіта ў такім настроі мы і заспелі ўвесь нешматлікі калектыў установы мясцовай улады. Абжываліся ва ўтульных кабінетах, дзе падлога, столь і сцены доўга будуць захоўваць сляды нястомных рук будаўнікоў, сакратар Ірына Валковіч, землеўпарадкавальнік Вольга Юркевіч, спецыяліст Ганна Ярашонак. На чале са старшынёй сельсавета Уладзімірам Івановым яны і выйшлі на ганак, каб з дапамогаю фотакамеры зафіксаваць для гісторыі новага аграгарадка гэты ўрачысты момант…
Радасць радасцю, а клопатаў наплывае ўсё больш і больш. Як ніяк, тэрыторыя сельсавета вырасла. І Уладзімір Віктаравіч ледзь паспявае выконваць задачы, якія сам для сябе занатоўвае ў штодзённіку. Разам са старшынёй Даўгінаўскага сельсавета Анатолем Красневічам аб’ехалі ўсе далучаныя вёскі. Уладзімір Іваноў аглядаў іх ужо вачыма гаспадара, фіксуючы ў свядомасці тыя кідкія нюансы, на якія адразу ж трэба звярнуць увагу. Не пакідаюць памяці словы, кінутыя некім на сельскім сходзе ў Пагосце. Маўляў, у Сцешыцах – цэнтр. Туды і сродкі ўсе пойдуць. А наша вёска – ускраіна.
Як жа не хочацца Уладзіміру Віктаравічу, каб яго колішні апанент меў падставы для такога вываду. Таму першыя выдаткі пасля працэдуры далучэння ён плануе менавіта для гэтых вёсак. Ёсць там праблемы пустуючых сяліб,упарадкавання тэрыторыі. Іх вырашаў Даўгінаўскі сельсавет, цяпер гэтым жа стане займацца новая адміністрацыя. Праблема закінутых сяліб, бадай, галоўнае ў клопаце мясцовай улады. Калі побач з дагледжаным чалавечым жытлом выступае матэрыялізаваны прывід закінутага кутка, любое сэрца агорне сум. Таму не толькі аграгарадкі – гэтыя новыя сюжэты сучаснай вёскі, з’яўляюцца прыкметаю адраджэння. Але і той аптымізаваны для іх фон, якім становіцца пазбаўлены настальгіі пейзаж прыведзеных у парадак сядзіб. Яшчэ хапае ў нас закінутых, незапатрабаваных для жыцця зямель. Задача мясцовых улад – даць ім штуршок для аднаўлення.
(Працяг у №11 на стар.2)
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара







