Некаторыя з пытанняў, якія паступаюць у рэдакцыю, мы называем сезоннымі. Вось і тое, з якім звярнулася на днях наша чытачка, – з разраду такіх.
– Ранняя вясна, голая зямля і цяпер куды ні ступі – практычна ўсюды сабачыя “меткі”, – так пачала жанчына. – Летам у траве яны не так кідаюцца ў вочы. А цяпер… У народзе кажуць, калі на такое наступіш, дык да багацця. Толькі не хочацца гэтага багацця… Не падумайце, што я бяздушны чалавек і не люблю братоў нашых меншых. Люблю. І яны, нашы гадаванцы, ні ў чым не вінаваты. Пытанні да іх гаспадароў. Чаму выгульваюць сабак не ў спецыяльна адведзеных месцах? Лянуюцца дабірацца? Тады чаму, выходзячы на прагулку з чацвералапымі, хаця б не бяруць з сабой савок і пакецік, як гэта павінны рабіць выхаваныя людзі?
Праўда, адзначыла наша чытачка, ведае яна і станоўчы прыклад: часта бачыць адну немаладую жанчыну на прагулцы са сваім лабрадорам, якая заўсёды прыбірае за сабакам. Ды такіх прыкладаў – адзінкі, астатнім жа, напэўна, цяжка паступаць такім чынам.
– Вось і з’яўляюцца “міны” дзе толькі можна: ля платоў людскіх двароў, на дзіцячых пляцоўках, на газонах. А там жа ходзяць людзі, гуляюць дзеткі… Што і казаць, прыемнага мала.
Слушныя развагі, тут ужо не паспрачаешся. Не думаю, што гаспадары сабак не ведаюць, дзе ў горадзе адведзены месцы для выгулу іх чацвералапых – хутчэй ведаць проста не хочуць. Варта зайсці ў інтэрнэт з гэтым пытаннем, і адказ з’явіцца тут жа: тэрыторыі ў раёне вуліцы Чапаева і завулка Лугавога. Ды не кожнаму, напэўна, ахвота туды дабірацца. Лепш, канешне, гуляць там, дзе бліжэй і зручней? У такім выпадку не пакідайце пасля такіх прагулак хаця б непрыемных “слядоў”. Зразумейце, што размова не толькі пра чысціню, парадак і гаспадарлівасць, але і пра бяспеку людзей і іх здароўе. А гэтыя паняцці, як падаецца, узаемазвязаныя.
Ірына БУДЗЬКО




