Сённяшняе жыццё непарыўна звязана з перамогай у 1945 годзе. Нядаўна адбылося абласное свята «Пераможны май». Удзельнікаў свята прымаў пасёлак Чысць Маладзечанскага раёна. Сюды быў запрошаны і наш народны хор ветэранаў вайны і працы Вілейскага Палаца культуры (кіраўнік Наўрось Зоя Сцяпанаўна). Гэта вялікі гонар і адказнасць. Наш хор лічыцца адным з лепшых у вобласці, і трэба было трымаць гэту «марку».
Пасёлак Чысць нездарма выбралі месцам свята. Тут цудоўны Дом культуры. Прыгожы звонку і ўнутры, сучасна абсталяваны. У канцэрце прынялі ўдзел прадстаўнікі многіх раёнаў вобласці. Гэта былі народныя хоры, салісты, дуэты, вакальныя гурты… Выступалі лепшыя з лепшых артысты з народа, якія сталі пераможцамі культурна-патрыятычнай акцыі «Пераможны май», якая праходзіла ў рамках рэспубліканскага фестывалю аматарскай творчасці «Не старэюць душой ветэраны». У нашага хора разнастайны рэпертуар. Нам прапанавалі спець вясёлую песню. Пры абмеркаванні самі харысты выбралі «Вёсачку». Трэба было бачыць, як прымалі нас гледачы! А калі задорна, весела заспявалі: «Вёсачка мая, мая чараўніца, ты мая любоў, мая балаўніца…», у зале апладзіравалі ў такт музыкі, а на тварах людзей была лагодная ўсмешка.
На свяце мы сустрэліся з удзельнікамі хораў з Мядзеля, Слуцка, Барысава, Валожына, Маладзечна. Гэта ўжо не першая сустрэча на такіх вось святах, фестывалях, таму мы як ужо добрыя знаёмыя радаваліся сустрэчы, гутарылі, жадалі ўдалага выступлення.
Прынялі ўдзел у канцэрце і вілейскія танцоры, сямейная пара Дана і Эмануэль (клуб «Ветэран»). У іх выкананні гледачы ўбачылі «Папуры італьянскіх танцаў». Глядзіш на гэту абаяльную пару і не можаш налюбавацца, як яны зладжана, грацыёзна танцуюць, нібы прафесіяналы.
Канцэртная праграма закончылася ўрачыстым выкананнем зводным хорам песні гімна «Поклонимся великим тем годам». Калі загучалі такія словы, усе ў зале падняліся і стаялі на працягу ўсёй песні. Так яна кранула душы гледачоў і нас, выканаўцаў.
Наш хор быў узнагароджаны дыпломам і грашовай прэміяй. Акрамя канцэртнай праграмы, на свяце была арганізавана выстаўка работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Творчыя шляхі сталасці». Тут былі розныя работы народных умельцаў: вышыўка, пляценне з лазы, карункі, работы з бісеру. Які таленавіты наш народ! Кожны экспанат прыцягваў увагу наведвальнікаў выставы. Ад Вілейскага раёна была прадстаўлена мая выстава вышывання крыжыкам. Усяго 35 работ. Хтосьці з іроніяй можа гаварыць пра гэта захапленне, а для мяне гэта любімы занятак, які, як лекі ад адзіноты, скрашвае жыццё сталага чалавека. Мае работы былі адзначаны дыпломам.
Наш калектыў на свята суправаджала Жанна Барткевіч. З ёй нам было цёпла, утульна. Мы адчувалі яе клопат аб нас. Мы ўдзячны кіраўніцтву раёна, аддзелу культуры за тое, што была прадстаўлена магчымасць пабываць на свяце «Пераможны май». Мы адчулі ўвагу да сябе, значымасць нашага захаплення. Атрымалі зарад бадзёрасці. І нас не пакідае жаданне дарыць людзям радасць. Свой запал, сваё ўменне хочам перадаць маладым.
Дарэчы, і ў хоры, і ў клубе “Ветэран” будуць рады прыняць новых удзельнікаў.
Галіна КАПЦЮГ
На здымку: дыплом уручаецца Галіне Капцюг.
Фота Жанны Барткевіч
Вілейскі хор ветэранаў быў узнагароджаны дыпломам
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ




