Настаўнік працоўнага навучання, асноў бяспекі жыццядзейнасці і дапрызыўной падрыхтоўкі Даўгінаўскай сярэдняй школы імя У. І. Слабодчыкава Віталь Леберт якраз з такой дынастыі, агульны педагагічны стаж якой складае каля ста дваццаці пяці гадоў.

Пачынаецца ён з дзядулі, Васіля Іванавіча Тупіцына, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Па слядах бацькі пайшла і дачка, Галіна Васільеўна, якая прыйшла ў Даўгінаўскую школу настаўніцай замежнай мовы ў 1970 годзе. Больш за два дзясяткі гадоў Галіна Васільеўна была дырэктарам навучальнай установы. Сваю любоў да дзяцей і педагагічнай дзейнасці яна перадала і сыну, Віталю Іванавічу, які ўжо трыццаць гадоў працуе ў школе.
Вялікую ўвагу ў сваёй дзейнасці настаўнік удзяляе тэхнічнай творчасці вучняў. Штогод удзельнічаюць юныя даўгінаўцы ў раённым конкурсе «Думаем. Ствараем. Вынаходзім», займаючы ў ім прызавыя месцы.
Болей за дзесяць гадоў Віталь Іванавіч працуе са школьнай камандай юных выратавальнікаў «Полымя». Усе гэтыя гады каманда ўдзельнічае ў абласных злётах, займаючы прызавыя месцы. Асабліва ўдалым было выступленне «Полымя» летась у рэспубліканскіх вучэбна-палявых зборах, дзе даўгінаўская каманда прадстаўляла сталічную вобласць, – юныя выратавальнікі прывезлі са спаборніцтваў Дыплом пераможцаў! І ў гэтым, канешне ж, вялікая заслуга кіраўніка, чые энтузіязм, асабістая захопленасць перадаюцца дзецям, становяцца стымулам для ўдасканальвання свайго майстэрства. Такім, напэўна, і павінен быць сапраўдны педагог, які выхоўвае дзяцей моцнымі, смелымі, сапраўднымі патрыётамі сваёй радзімы і якога яго вучні паважаюць, любяць і імкнуцца быць падобнымі да яго.
Ірына БУДЗЬКО/Фота Алены ЦІМАФЕЕНКА








