Лёс, як віно на палыне… Так, напэўна, маюць права сказаць пра сваё жыццё тыя, каму выпала перажыць гады калектывізацыі, вайну, разруху, смерць блізкіх людзей, хваробу дзіцяці… Ці не замнога, спытаеце, для аднаго чалавечага жыцця? Ды не. Менавіта ўсё гэта за плячыма ў жыхара вёскі Засценкі, што ў Іжскім сельсавеце, Сцяпана Антонавіча Смаленскага, які на днях адзначыў сваё стагоддзе.
Нягледзячы на такі паважаны ўзрост, дзядуля не згубіў цікавасці да жыцця, у курсе, як кажуць, усіх падзей, што адбываюцца навокал. Гасцей, якія прыехалі павіншаваць яго з залатым юбілеем, сустрэў, як і належыць, прыветна і з вялікай радасцю. Нячаста здараецца, каб сабраліся ў вясковай хаце такія паважаныя людзі – старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч, старшыня сельсавета Валянціна Навасёлак, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ганна Гардзей, прадстаўнікі з мясцовай гаспадаркі, сваякі. А тут – якраз такі выпадак. І падарункі юбіляру госці прывезлі вельмі неабходныя для немаладога чалавека: цёплую коўдру – ад раённай улады, электрачайнік – ад мясцовай, а ад ААТ «Чурлёны» – пасцельную белізну.
Расчуліўся Сцяпан Антонавіч ад такой увагі. Але ж з Валянцінай Навасёлак, якая даволі часта зазірае ў гэту хату, пачаў гаварыць пра жыцейскае.
– Ці хапіла дроў? – перапытаў ён Валянціну Уладзіміраўну. – Хапіла. Цяпер ужо трэба думаць пра наступную зіму, запасацца палівам. Збіраемся ўжо цяпер дровы выпісаць…
Вось яна, жылка сапраўднага гаспадара, – і ў сто гадоў жыве чалавек адвечнымі клопатамі, без якіх, мусіць, не ўяўляе існавання. А ён, узгадваюць мясцовыя жыхары, заўсёды быў дбайным гаспадаром, працаваў паляводам у колішнім калгасе «Рассвет», у далёкім ужо 1972-ім выйшаў на пенсію. Шчыраваў і ў сваёй гаспадарцы. На лёс Сцяпана Антонавіча выпала вялікае выпрабаванне – даглядаць дачку-інваліда. Як ні стараўся ён паставіць сваю Таісу на ногі – не атрымалася. Вось і цяпер яны жывуць разам, абое нямоглых, пад даглядам сына Вадзіма і яго жонкі Наталлі.
– Добра глядзяць, нічога не скажу, – гаворыць дзядуля пра адносіны да яго і з удзячнасцю глядзіць на дзяцей.
Развітваючыся, Валянціна Навасёлак прыгарнула дзядулю і, як роднаму чалавеку, сказала:
– Я на днях забягу.
І ён ведае, што абавязкова забяжыць, каб выслухаць, параіць і дапамагчы. Ды і тэмы для размоў у іх заўсёды ёсць.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: стогадовага юбіляра віншуе Наталля Радзевіч.
Фота аўтара



