Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ветэранскай арганізацыі – 25 год

Самыя шчырыя пажаданні пачулі ў мінулую сераду ветэраны вайны і працы, якія сабраліся ў райвыканкаме з нагоды адметнай даты – 25-годдзя ветэранскай арганізацыі.

Хуткаплынны час асыпае серабром скроні, усё часцей даводзіцца пераадольваць фізічны боль. Ён – не толькі ад узросту, больш – ад перажытага. Сэрцы чалавечыя заўжды носяць у сабе пакуту памяці. І ў іх таксама яны ныюць ад успамінаў. Пра страчаных баявых таварышаў, пра галоднае ваеннае дзяцінства… У некаторых яно прайшло далёка ад радзімы. Вывезеныя на прымусовыя работы ў Германію, іх бацькі зведалі ўвесь цяжар рабскага лёсу. А дзецям да гэтага часу, хоць самі яны даўно маюць унукаў, сняцца спустошаныя раўнадушшам, бязлітасныя вочы чужынцаў… Нашы ветэраны жыццё перажылі ў клопаце пра лёс Айчыны. І сёння ў іх – трывога за заўтрашні дзень. За ўзаемаразуменне дзяцей і бацькоў, за пераемнасць, што павінна быць паміж пакаленнямі. Як могуць, яны ладзяць перакідны масток паміж мінулым і будучым. І ўжо ад нашчадкаў залежыць яго трываласць.
З 25-годдзем ветэранскага руху запрошаных на ўрачыстасць павіншавалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Сініла, старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч, старшыня раённага Савета ветэранаў Ганна Шэпелева. Прагучалі цёплыя вітанні і ад юнага пакалення. Вучань трэцяй гарадской школы Арцём Адамовіч з добрым хваляваннем выказаў словы ўдзячнасці людзям, чый «дух аказаўся мацнейшым за метал і агонь», а сэрцы захавалі дабрыню і міласэрнасць.
Кветкі і сувеніры, а яшчэ – добрыя песні ў дарунак атрымалі ў гэты дзень ветэраны. І столькі маладога запалу, столькі любові выпраменьвалі іх удзячныя вочы.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара


Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 189 queries