Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Чалавек года Міншчыны-2011

За два з паловаю – тры гады пяцігодку зробім, – упэўнена заявіў журналістам Пётр Пархомчык, генеральны дырэктар Беларускага аўтамабільнага завода. Інтэрв’ю давалася з нагоды знамянальнай падзеі ў жыцці сталічнага рэгіёну – цырымоніі ўшанавання лепшых яго людзей, прызнаных пераможцамі конкурсу «Чалавек года Міншчыны-2011». Пётр Аляксандравіч – адзін з іх.

– Мінулы год, падсумаваў вынік кіраўнік буйнейшага ў краіне прадпрыемства, – быў самым паспяховым у гісторыі развіцця БелАЗа. – Мы рэалізавалі прадукцыі больш чым на мільярд долараў. Гэта для нас рэкордная лічба. Параўнайце: 593 мільёны ў 2008-ым з цяперашнім мільярдам. Тэмп росту вытворчасці – таварнай прадукцыі і экспарт выраслі ў паўтара разы. – І яшчэ адну ўражальную перспектыву развіцця БелАЗа, што не з’яўляецца ўжо камерцыйнай тайнай, акрэсліў генеральны дырэктар акцыянернага таварыства: рыхтуецца да выпуску ўзор самага вялікага ў свеце кар’ернага самасвала грузападымальнасцю ў 450 тон. Інфармацыя гэта, у першую чаргу, для сцептыкаў, якія ставяць пад сумненне наша развіццё, спасылаючыся пры гэтым на праявы крызісу, што захліснуў сусветную эканоміку. Толькі ёсць сярод гэтых праяў такія вось аазісы паспяховасці і тым больш прыемна, што на нашай Міншчыне яны не адзінкавыя. Сярод пераможцаў конкурсу – Мікалай Радаман, старшыня вядомага ў краіне агракамбіната «Сноў». Вядомага больш не сваімі эканамічнымі паказчыкамі (яны – не ў сферы дылетанцкага інтарэсу), а прадукцыяй, якую мы бачым на паліцах практычна ўсіх прадуктовых крам. Перапрацоўчая галіна ў «Снове» знаходзіцца, здаецца, на піку свайго развіцця. Мясныя і каўбасныя вырабы, паўфабрыкаты, вырабленыя згодна патрабаванняў дзяржстандарту з натуральнай сыравіны, карыстаюцца заслужана шырокім попытам і заўсёды запатрабаваныя ў спажыўца. Аўтару гэтых радкоў пашчасціла летась наведаць агракамбінат у складзе групы спецыялістаў райсельгасхарчу. У мяне, напрыклад, гэта была першая сустрэча з Мікалаем Радаманам і першае знаёмства з сельгаспрадпрыемствам такога ўзроўню. Уразіла сама асоба кіраўніка. Высокая кампетэнтнасць, дасведчанасць суседнічалі ў ёй з адкрытай даверлівасцю, павагай да магчыма менш удачлівых калег. Даўно заўважана: чым вышэй вартасць чалавека, тым прасцейшы ён у абыходжанні, даступнасці, тым далікатней прэзентуе сваё «я», праецыруючы яго на фон агульнага поспеху калектыву, у якім ён іграе вядучую партыю.
Сказанае можа аднесці і да Сяргея Ульдзіновіча, дырэктара Копыльскага лясгаса. Па выніках работы за апошнія тры гады гаспадарка трывала займае першае месца ў рэйтынгу сярод аналагічных арганізацый галіновага міністэрства. Практычна напалавіну мінулагоднія экспартныя пастаўкі пераўзыйшлі паказчык 2010 года.
– Не скажу, што робім нешта выключнае, – заўважыў, адказваючы на пытанні журналістаў, Сяргей Станіслававіч. – Проста калектыў жадае быць паспяховым і з такім настроем працуе. Мы летась змаглі направіць больш чатырох мільярдаў рублёў інвестыцый у асноўны капітал, на 50 працэнтаў перакрыўшы свае першапачатковыя планы.
Усяго дваццаць прадстаўнікоў сталічнага рэгіёну ўдастоены ганаровага звання «Чалавек года Міншчыны 2011». Пераможцаў выбіралі ў трох намінацыях: вытворчая і грамадска-палітычная дзейнасць, невытворчая сфера. Прэтэндэнты, згодна ўмоў конкурсу, павінны ўнесці асабісты ўклад у рэалізацыю ідэй, найбольш эфектыўных для эканомікі і сацыяльнай сферы Міншчыны, развіцця яе духоўнага пантэнцыялу. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання праходзіла 16 сакавіка ў цэнтры культуры Мар’інай Горкі Пухавіцкага раёна. Пад гукі духавога аркестра заходзілі яе ўдзельнікі ў глядзельную залу. А ў фае арганізатары наладзілі выставу кніг, надрукаваных у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя». Прэзентацыю выданняў, якія адлюстроўваюць культурную і духоўную спадчыну Беларусі, яе сучасныя набыткі, ствараюць той своеасаблівы імідж, які служыць рэйтынгу папулярнасці краіны ў геапалітычнай прасторы, правяла дырэктар выдавецтва Таццяна Бялова. Перад пачаткам урачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў выставу наведаў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Барыс Батура. Ён з цікавасцю агледзеў прэзентацыйныя выданні, належным чынам ацаніўшы ўзровень іх паліграфічнага і мастацкага афармлення.
І ўжо ў зале, звяртаючыся да прысутных, кіраўнік абласной выканаўчай улады адзначыў важнасць таго мерапрыемства, якое сабрала на Пухаўшчыне прадстаўнікоў усяго сталічнага рэгіёна. Бо менавіта ён з’яўляецца сэрцам Беларусі і задае тон жыцця ўсёй краіны:
– Гэта прэстыжная прэмія. Яна – прызнанне асаблівых заслуг працаўнікоў Міншчыны, тых, хто ўносіць найбольшы ўклад у яе развіццё. Наяўнасць інавацыйных ідэй, укараненне сучасных тэхналогій, грамадска-палітычная дзейнасць, – усё гэта ўлічвалася пры падвядзенні вынікаў.
Барыс Батура спыніўся на важнейшых паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці, зазначыўшы, што тэмп росту валавога ўнутранага прадукту склаў за мінулы год 106,6 працэнта, што апераджальнымі тэмпамі развіваецца прамысловая галіна. А ў структуры эканомікі прыярытэты змяшчаюцца ў бок яе недзяржаўнага сектару. Міншчына робіць стаўку на малы і сярэдні бізнэс. Ставіцца задача сёлета давесці яго ўклад у кансалідаваны бюджэт вобласці не менш чым да 50-ці працэнтаў. Менавіта прадпрымальніцкая дзейнасць здольна забяспечыць важнейшыя ўмовы эканамічнага росту: занятасць насельніцтва, яго працоўную актыўнасць. Фарміраванне сярэдняга класа ўласнікаў – гарантыя палітычнай стабільнасці ў краіне.
Як прыклад інавацыйнага развіцця – інвестыцыйныя праекты. Па агульнаму аб’ёму інвестыцый у эканоміку Міншчына бачна апераджае астатнія рэгіёны краіны.
Адзначыў губернатар і паступальны рост аб’ёмаў сельскагаспадарчай вытворчасці. Галіной за мінулы год атрыманы прыбытак у памеры 700 мільярдаў рублёў.Сёлета тэмпы роста будуць забяспечвацца за кошт аптымізацыі пасяўных плошчаў, укаранення новых тэхналогій у жывёлагадоўлі. Вобласць рэалізуе праект рэканструкцыі малочна-таварных фермаў з узвядзеннем даільных залаў.
– Плануем не для лічбаў, а для забеспячэння харчовай бяспекі краіны і яе экспартнага патэнцыялу… Ушаноўваючы лаўрэатаў, спадзяемся, што гэтыя людзі стануць прыкладам для іншых. Віншуючы лепшых, мы разам з імі віншуем тыя калектывы, якія яны прадстаўляюць, – зазначыў Барыс Батура. – У адзіночку немагчыма дабіцца такіх уражальных поспехаў.
… А пасля ўручэння спецыяльнай прэміі аблвыканкама адбыўся святочны канцэрт. Дзяржаўны каледж мастацтваў, самадзейныя артысты з розных рэгіёнаў Міншчыны выкарысталі магчымасць бліснуць сваімі талентамі перад такой прадстаўнічай аўдыторыяй. І гэта было сапраўды захапляючае відовішча, вартае тых людзей, якія састаўляюць залаты фонд сталічнага рэгіёну.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

Пётр Пархомчык, генеральны   дырэктар БелАЗа

Мікалай Радаман, кіраўнік агракамбіната “Сноў”
Ларыса Раманюк, сацыяльны   работнік  з Пухавіч
Барыс Батура на прэзентацыі выдавецтва  “Беларуская энцыклапедыя”
вілейская дэлегацыя
вілейская дэлегацыя


Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 189 queries