Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дзве тысячы тон – гэта не мяжа

У гэтым перакананы вадзіцель ААТ “Новая Любанія” Мікалай Літвіновіч, гаворачы пра перавезенае ім ад камбайнаў збожжа.

Мікалай Мікалаевіч на сваім магутным МАЗе перавёз крыху болей за дзве тысячы, а мог бы, зазначае, і значна больш, каб быў у яго, што называецца, фронт работы. “Машына новая, магутная, сілы і настрой на працу ёсць”, – так ахарактарызаваў магчымасці – свае і тэхнікі – на жніўную кампанію, якая для яго прайшла паспяхова (прозвішча вадзіцеля – у ліку перадавых аграрыяў раёна), аднак нявыкарыстаны патэнцыял усё ж адчуваецца. І гэта, падумалася, вельмі важна – значыць, на многае здольны нашы працаўнікі вёскі, сур’ёзныя задачы ім па плячы.

Быць вадзіцелем Мікалаю, відаць, было наканаваны самім лёсам. Яго бацька ў свой час таксама круціў баранку аўтамабіля ў мясцовай гаспадарцы, праўда, не магутную машыну, як яго сын, вадзіў, а легкавую – вазіў кіраўніцтва гаспадаркі. Таму, відаць, з самага дзяцінства Мікалай цікавіўся тэхнікай і пра іншую прафесію не марыў.

Папрацаваць яму выпала ў розных месцах, але жыццёвы шлях прывёў мужчыну на малую радзіму, у родную гаспадарку, дзе і працуе без малога дваццаць гадоў. Каля двух гадоў назад Мікалай Мікалаевіч атрымаў новую машыну, і без працы цяпер на працягу ўсяго года не бывае – хапае спраў на месцы ды і камандзіроўкі выпадаюць. Вопытнаму вадзіцелю, ведаюць у гаспадарцы, можна давяраць любую справу з упэўненасцю, што справіцца з ёй на “выдатна”.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 142 queries