31 ліпеня одбылося свята вёскі Мацькаўцы. З добрым настроем завіталі мы ў гэты цудоўны аграгарадок.
Мы – гэта сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва, Вязынскі сельскі Дом культуры і Ільянскі сельскі Дом культуры дзяржаўнай установы культуры “Вілейскі раённы Цэнтр культуры”. Вёска, на першы погляд, здавалася бязлюднай, але… А шостай гадзіне пачалі з’яўляцца першыя глядачы. З розных бакоў, з розных вуліц бацькі кацілі каляскі з маленькімі жыхарамі і жыхаркамі вёскі. Дарэчы, дзеткам быў занятак: атракцыёны, цацкі – забаўлянкі, смачная салодкая вата і папкорн. А разгуляўшыся ды натанчыўшыся, можна было ацаніць прахалоду ягадных кактэйляў.

Канцэртныя нумары не пакідалі раўнадушным нікога. Пад песні вязынцаў немагчыма было ўстаяць на месцы. Трыо “Нравіца” і салісты гэтай клубнай установы падаравалі ўсім добры настрой, а пазітыў і ўсмешкі гледачам дасталіся ад народнага гумарыстычнага гурта “Смехата” Ільянскага сельскага Дома культуры. Гледачы з вялікім задавальненнем адорвалі нашых артыстаў кветкамі.
Вельмі прыемным момантам сталі сустрэчы блізкіх і родных людзей, сяброў, былых калег па працы. Прыемна, што святы вёсак запатрабаваны, а дакладней, неабходныя нашым шчырым, дабрадушным беларускім людзям. Людзям, якія ўмеюць заўзята працаваць і з душой адпачываць!
Людміла Ляшковіч, загадчык сектара








