Прафесіянальнае выкананне сваіх абавязкаў цэніцца ў любой сферы і заўсёды. Вось і ў рабоце спецыялістаў па штучным асемяненні жывёлы, пра якіх пойдзе размова, прафесіяналізм вельмі важны. Думаю, ніхто не стане аспрэчваць, што граматнае выкарыстанне генетычнай прадукцыі для аднаўлення грамадскага статка у многім залежыць ад майстэрства і спрактыкаванасці гэтых спецыялістаў.
На днях у раёне прайшоў конкурс спецыялістаў па штучным асемяненні жывёлы, мэтамі якога былі не толькі выяўленне і адзнака лепшых, але і абмен вопытам, папулярызацыя гэтай нялёгкай, але такой важнай прафесіі, без якой не ўяўляецца сучасная жывёлагадоўля. Удзельнікамі сталі 26 спецыялістаў з гаспадарак Вілейшчыны.
Па традыцыі, конкурс складаўся з дзвюх частак: тэарэтычнай і практычнай. Веды і майстэрства ўдзельнікаў ацэньвала кампетэнтнае журы, у складзе якога былі не толькі прадстаўнікі Вілейскай раённай племстанцыі, але і спецыяліст Мінскага племпрадпрыемства Вольга Смяглікава.
У пачатку мерапрыемства ўдзельнікаў прывітаў першы намеснік старшыні райвыканкама-начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Зубель, які і даў старт спаборніцтву.
Конкурс ёсць конкурс, таму былі падчас яго і хваляванне ўдзельнікаў, і іх жаданне прадэманстраваць усё, што яны ведаюць і могуць, і дух саперніцтва. Як адзначыў дырэктар райплемстанцыі Мікалай Малінец, спецыялісты-канкурсанты ў чарговы раз даказалі, што ў сваёй прафесіі яны не выпадковыя людзі, а прафесіяналы. Кожны пастараўся выступіць дастойна, аднак важную справу – вызначыць лепшых з лепшых – кампетэнтнаму журы зрабіць прыйшлося. Усё ўлічыўшы і ўзважыўшы, першае месца яно аддало Аляксандру Іванову з ААТ “Новая Вілія”, другое і трэцяе адпаведна занялі Іна Матрашыла і Вольга Новаш з ААТ “Алая зара”.
Адзначаны і добрасумленная плённая праца, прафесіяналізм і значны ўклад у развіццё жывёлагадоўлі асеменатара малочна-таварнай фермы “Заброддзе”філіяла па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі “Бубны” УП “Мінгаз” Наталлі Маславай, якую павіншавала намеснік старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Крывашэй.
Дыпломы, віншаванні, грашовыя прэміі – гэта ўсё, як і належыць, было падчас конкурсу. Аднак, думаецца, не менш важна, што калегі сустрэліся, абмяняліся вопытам, паспаборнічалі і ў чарговы раз пераканаліся ў важнасці сваёй прафесіі.
Ірына БУДЗЬКО/Фота Соф’і ЦЕРАШ