Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Хутар каля Вілейкі

У нас можа з’явіцца новы гісторыка-турыстычны аб’ект

У Паставах – Зюзя Паазерскі, у Белавежскай пушчы – Дзед Мароз, у Бабруйску – Бабёр, у Шклове – Агурок, у Полацку – Купец: апошнім часам кожны з рэгіёнаў лічыць за неабходнае ўтварыць пэўны брэнд і гэтым праславіць свой раён. Ці ёсць такія сімвалы ў нас? Ёсць. Напрыклад, помнік у цэнтры горада – Вільяна. У гэтым годзе каменная дзяўчына можа займець сабе жытло – хутар.Viliana

Ідэя стварыць у раёне новы аб’ект, які можа стаць візітнай карткай Вілейкі, з’явілася некалькі месяцаў таму. У рамках конкурсу, які аб’яўлены ПРААН дзеля ўстойлівага развіцця рэгіёнаў, гучалі прапановы стварыць музей рэтратэхнікі каля Заброддзя, гістарычную энцыклапедыю раёна. І вось яшчэ адна прапанова – стварыць Вільянін хутар.
– Мы ведаем, што ў кожным раёне ёсць нешта сваё,адметнае, – расказвае адзін з аўтараў праекта Таццяна Цітуленка, – у каго – Дзед Мароз, у каго – Зюзя, а ў нас ёсць Вільяна.
Спачатку задумвалася зрабіць хутар на левым беразе Віліі, насупраць Ніжняга парку. Там, на думку аўтараў, можа з’явіцца хата, побач пэўныя гаспадарчыя збудаванні – пуня, клець. Тут можна праводзіць святы, знаёміць падрастаючае пакаленне з гісторыяй і традыцыямі, а таксама паказваць аб’ект гасцям. А злучыць хутар з горадам павінны адметны масток праз раку.
Галоўны архітэктар раёна Галіна Кажарновіч у сваю чаргу прапанавала зрабіць хутар Вільяны на Банным возеры. Тут некалькі пераваг, лічыць архітэктар:
– Мы можам добраўладкаваць гэту тэрыторыю. Ёсць вада, ёсць дэндрапарк – усяму гэтаму можна даць свежы глыток паветра. Хутар будзе бачны з дарогі і выдаткаў трэба менш, у параўнанні з будоўляй на другім беразе Віліі.
Ідэю ўтварэння Вільянінага хутара падхапілі раённы Савет жанчын, раённы Савет дэпутатаў і Савет старэйшынаў. Цяпер з магчымасцю з’яўлення новага аб’екта знаёмяцца краязнаўцы, гісторыкі і архітэктары. У бліжэйшы час будуць распрацаваны праекты будучага хутара. Дарэчы, чытачы раённай газеты таксама могуць прыняць самы непасрэдны ўдзел. Тэлефануйце нам, пішыце лісты і выказвайце свае думкі наконт таго, якім вам бачыцца Вільянін хутар і што там павінна быць.
Мясцовым выканаўчым уладам праект таксама прыйшоўся даспадобы. Вільянін хутар разглядаецца як падарунак гораду на 550-годдзе. У бліжэйшы час будзе падлічаны каштарыс і архітэктары прадставяць свае праекты.
– Спачатку мы думалі, што гэта могуць быць другія Дудуткі (музей старажытных народных рамёстваў і тэхналогій – Аўт.), – кажа Таццяна Цітуленка, – але потым прыйшлі да высновы, што трэба рабіць нешта сваё, вілейскае і адметнае.


АСАБІСТЫ ПОГЛЯД
Тое, што з’яўляюцца новыя ідэі развіцця Вілейкі, выклікае толькі станоўчыя эмоцыі. Увогуле нам здаўна трэба было зрабіць нешта сваё адметнае. Усе ў захапленні ад Дудутак, але мала хто ведае, што ідэя іх стварэння належыць нашаму мастаку Барысу Цітовічу, які першапачаткова прапанаваў зрабіць музей каля Абадоўцаў. 20 гадоў таму не атрымалася ў нас, але атрымалася ў Пухавіцкага раёна, які ў той час не пашкадаваў 162 гектары зямлі.
У нас пад бокам – вадасховішча. Калі хто забыў: буйнейшы ў краіне штучны вадаём. Яго таксама даўно можна выкарыстоўваць у выглядзе сімвала. Той жа дырэктар каледжа Ігар Кіцікаў даўно прапануе праводзіць фестывалі: дзень Вадзянога ці дзень Судака.
Якім павінен быць Вільянін хутар? Па-першае, непаўторным. Ён не павінен стаць звычайнай аграсядзібай, стандартным помнікам гісторыі і традыцыям. Вільяна адна такая і Вілейка таксама. Па-другое, рабіць хутар трэба не толькі для гасцей ці іншаземцаў, а і для сябе. Хутар павінен быць не толькі візіткай раёна, але і пэўнай гістарычнай школкай для юных віляйчан. А па-трэцяе, лепшы падарунак да юбілею – той, які ты сам сабе зробіш.
Анатоль ЗАНКАВІЧ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 188 queries