Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Непрытворная наша любоў

Пачуццё любві – яно альбо ёсць, альбо яго няма. Чалавека можна навучыць схільна ўспрымаць той ці іншы аб’ект рэчаіснасці. А прымусіць любіць – немагчыма. І калі рэдакцыйную пошту пасля традыцыйных лютаўскіх вечароў сустрэч захліствае хваля пісем ад іх ўдзельнікаў, я давяраю кожнаму слову ў гэтых допісах. Бо яны – як сэрцамі вымучаныя прызнанні, правераныя часам, глыбокія і сапраўдныя.
Такая яна, непрытворная любоў. І ў першую суботу лютага, калі калідоры школ запоўняць іх былыя выпускнікі, зноў прагучаць словы прызнання. Асабліва многа іх будзе прысвечана старэйшай школе раёна, Даўгінаўскай, якая ў гэтыя дні адзначае сваё 150-годдзе.
Ёсць на зямлі месцы, якія нібы выпраменьваюць з сябе добрую аўру, падараваную сусветам. Такое – мястэчка Даўгінава. У яго ваколіцах я нарадзілася, і першае маё знаёмства з вялікім светам пачыналася менавіта адсюль. Тут былі шматлікія крамы, куды мы, вясковая малеча, рабілі вылазкі па выхадных. Некалькіх капеек хапала, каб загрузіць кішэні цукеркамі, якія меліся толькі ў даўгінаўскіх гандляроў. Па святах бацькі нас вадзілі ў мясцовыя храмы: праваслаўная царква і каталіцкі касцёл не зачыняліся нават у часы ваяўнічага атэізму. Але больш за ўсё вабіла школа – цагляны, і як нам тады здавалася, агромністы будынак, вакол якога заўсёды, як птахі ля гняздоўяў, кружыліся дзеці. Школа была вялікая. І вучняў мела нямала. Не тое, што наша маленькая, Ваўкалацкая, якая ўсяго толькі два гады пабыла дзесяцігодкай. А пасля, з-за няхваткі «кантынгенту», назаўсёды страціла свой статус. Але наша любімая класная – Ганна Мікалаеўна Істоміна, доўгі час пасля працавала ў Даўгінаўскай школе. А яе муж, Ула-дзімір Андрэевіч, кіраваў мясцовым вучэбна-вытворчым камбінатам. У Даўгінаўскай школы – вялікая сіла прыцягнення. Вось і мяне, ужо сталага чалавека, яна і да гэтага часу трымае ў полі свайго ўплыву. Люблю тут бываць, люблю гутарыць з прыгожай, цікавай і мудрай жанчынай, былым дырэктарам школы – Галінай Васільеўнай Тупіцынай. Дзякуючы ёй, мы, былыя выпускнікі Ваўкалацкай дзесяцігодкі, змаглі сабрацца разам у свой юбілейны выпуск. І не на пустэчы, якая засталася на месцы нашай школы, а ў сценах Даўгінаўскай. Нас прынялі тут, як родных. Так прыёмныя бацькі, следуючы прынцыпам хрысціянскай маралі, не дзеляць дзетак, роўнай любоўю і ласкаю ахінаючы сваіх і чужых.
З юбілеем цябе, школа. Хай беражэ лёс цябе і тваіх птушанят, якім ты падарыла крылы і якія ўжо даўно самастойна лунаюць у высокім палёце. Няхай стае цярпення і жыццёвай мудрасці тваім настаўнікам для пасеву разумнага, добрага і вечнага ў юначых сэрцах.
Марыя КУЗАЎКІНА,
дэпутат раённага Савета дэпутатаў
па Даўгінаўскай выбарчай акрузе №23

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 126 queries