Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Блізкія людзі, бліжэй не будзе…

Гэта сям’я па ранейшых мерках лічылася на вёсцы невялікай – бацькі выхоўвалі дзвюх дачок. Бацька працаваў у мясцовай гаспадарцы на пэўнай пасадзе, маці мела нядрэнную работу ў гандлі. Да ўсяго гэтага, бацькі заўсёды трымалі вялікую гаспадарку, многа працавалі на прысядзібным участку. Карацей, сям’я жыла моцна. Выраслі дзяўчаты, вывучыліся, павыходзілі замуж. Жылі ў горадзе, але ледзь не кожныя выхадныя ездзілі ў вёску. Старэйшая, Ніна, жыве ў Вілейцы, малодшая, Галя, звіла гняздо ў Мінску. Першая выйшла замуж за мясцовага хлопца, працавітага, разважлівага. Няхай сабе з простай сям’і, прывык усяго дабівацца сваім мазалём, але жонка і дзеці за ім – як за сцяной. Галі ж пашанцавала адхапіць мінчаніна. У вёску ён прыязджаў хіба што каб паляжаць улетку ля сажалкі ды пасядзець з вудай. Што з яго хацець – гарадскі, а да гэтага яшчэ і начальнік.

Непрыкметна праляцеў час. Гадоў некалькі назад раптоўна памёр у вёсцы бацька. Пасля занемагла і маці.
– Пакуль яшчэ крышку краталася, не хацела нікуды ехаць з роднай хаты, – расказвае Ніна. – Шкадавала кідаць нажытае, расцягнуць, казала, разломяць… А ўжо пазней, як трапіла ў бальніцу з інсультам, не спрачалася, вязіце, казала, куды хочаце.
Хворую маці забрала да сябе старэйшая дачка. Даглядала як магла, клапацілася. Ведала Ніна, што ў сястры хворай наўрад ці будзе добра – за гады сумеснага жыцця зяць-інтэлігент паказаў сябе, як кажуць, ва ўсёй прыгажосці. Да хворай маці Галя прыязджала звычайна адна, расказвала ёй пра сваё жыццё. Пасля яе ад’езду старая звычайна плакала, шкадавала сваю малодшанькую…
Без малога тры гады жыла ў Ніны хворая маці. Памерла яна ўвосень. Ціхенька, нібыта заснула.
– Паплакалі-пагаласілі з сястрой, – гаворыць Ніна, – ды нічога не зробіш. Усё зрабілі па-людску, пахавалі побач з бацькам. І ўсё, асірацела бацькоўская хата…
Ніколі ў жыцці сёстры не заводзілі гаворку пра тое, каму з іх застанецца бацькаўшчына – вялікі дом ды дабротныя гаспадарчыя пабудовы. Думалася Ніне, што ўсё будзе агульным і кожная з іх стане тут гаспадыняй. Не атрымалася…
– Не ведаю, калі і як яны ўправіліся, але завяшчанне на сястру ёсць, – у голасе Ніны – непрыкрытая крыўда. – Мама заўсёды лічыла, што Галі цяжэй, таму я разумею жаданне дапамагчы таму, каму цяжка. Крыўдзіць толькі тое, што сястра прыняла гэтае рашэнне як належнае. А галоўнае, усё цішком, хаваючыся ад мяне.
Ніна не стала шукаць праўды, нешта некаму даказваць, аспрэчваць. Яна прыняла рашэнне маці і адступіла. Нехта з блізкіх раіў ёй звярнуцца ў суд, пашукаць праўду, аднак не стала Ніна гэтага рабіць.
– Ды гэта ж сорам такі – родным сёстрам судзіцца, – лічыць жанчына. – Няхай будзе ўсё так, як ёсць. А ў рэдакцыю пазваніла для таго, каб проста ведалі людзі, як бывае іншы раз у жыцці… Вы проста напішыце і ўсё.
І я напісала. А яшчэ расказала жанчыне адну непрыдуманую гісторыю. Адзін пажылы чалавек, адчуваючы, што слабее, захацеў апісаць сваю хату адной з дачок. Паклікаў яе да сябе, расказаў гэта.
– Не, тата, я на гэта не згодная, – рашуча сказала тады дачка. – Не адна ж я ў цябе, а пяцёра нас. Як буду глядзець у вочы братам і сёстрам?
Калі стары памёр, высветлілася, што адзін з братоў думаў зусім інакш. Разам з хітрай жонкай ён змог угаварыць хворага бацьку скласці завяшчанне на яго… З таго часу прайшло многа гадоў, даўно няма на свеце ні брата, ні яго жонкі, ні іх дзяцей. Неяк не па-людску склалася жыццё ў усёй гэтай сям’і, і сястра не трымае злосці на сваіх несумленных родных людзей, яна іх шкадуе.
– Няхай дае Бог, каб у Галі ўсё было добра, – гаворыць і Ніна. – Я на яе таксама не трымаю злосці, нялёгка жывецца ёй. Ды і як можна крыўдзіцца? Мы – родныя людзі, самыя-самыя блізкія…
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries