Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Падарунак Тадэвуша Кандрусевіча

Вельмі сімвалічным стала папаўненне кніжнага фонду Вілейскай раённай бібліятэкі «Кампендыем сацыяльнага вучэння Касцёла». Гэта выданне мы атрымалі па даручэнні арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. У суправаджальным пісьме за подпісам высокага святара адзначана, што галоўная мэта «Кампэндыя» – «дапамагчы ў маральным і пастырскім пазнаванні складаных з’яў сучаснасці, прадставіць вернікам сацыяльную дактрыну ў галіне грамадскай маральнасці». Кніга адкрыта людзям добрай волі і іншых веравызнанняў, асабліва падкрэслена блізкасць пазіцый каталіцкай і праваслаўнай Царквы па сацыяльных пытаннях.
Кампендый быў падрыхтаваны Папскай радай «Justitia et Pax». У ім упершыню былі сістэматызаваныя і ўніфікаваныя галоўныя ідэі сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла, пачынаючы ад энцыклікі папы Льва ХІІІ «Rerum novarum»‘, абнародаванай у 1895 годдзе, да сучаснага навучання Касцёла.
Выдадзены «Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла» на беларускай мове. Кніга падрыхтавана да друку выдавецтвам «Про Хрысто» у 2011 годзе. 23 лістапада Бенедыкт XVI прыняў каталіцка-праваслаўную дэлегацыю. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які ўваходзіў у склад дэлегацыі, перадаў Папу гэту кнігу на беларускай мове.
Кампендый складаецца з уводзінаў, трох частак і заканчэння. У ім прадстаўлены галоўныя прынцыпы сацыяльнага вучэння, а менавіта: годнасць чалавечай асобы, агульнае дабро, прынцып субсідыярнасці і салідарнасці (субсідыярнасць (ад лат. Subsidiarius – дапаможны) – арганізацыйны і прававы прынцып, згодна якому задачы павінны рашацца на самым нізкім, малым або аддаленым ад цэнтра ўзроўні, на якім іх рашэнне магчыма і эфектыўна. Згодна субсідыярнасці, улада павінна быць як мага бліжэй да грамадзян).
З тэкстам Кампендыя сацыяльнага вучэння Касцёла можна пазнаёміцца ў чытальнай зале раённай бібліятэкі, а таксама на www.catholic.by у раздзеле «Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла».
Падрыхтавала Ганна ГЕРКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries