Самай першай з пад’езда выйшла Святлана, маладая жанчына ў боціках на высокіх абцасах. Ледзь расчыніўшы дзверы і ступіўшы на ганак, яна, войкнуўшы, упала на адно калена. Успомніла, што ўчора ўвечары тут гулялі дзеці, зрабілі на ганку коўзанку. А тут – марозік.
Праз некалькі хвілін зноў скрыпнулі дзверы, і на ганку паказалася мажная фігура Пятра Іванавіча. З авоськай у руках ён спяшаецца на завод. Ступіў на ганак – і тут жа прызямліўся на «пятую кропку», абудзіўшы наваколле мацюком.
Неўзабаве дзверы пад’езда адчыніліся і паказаліся Наташа з Ігарам, маладая пара з кватэры на першым паверсе. Першым апрабаваў слізкі ганак муж. Трэба было бачыць, якія фігуры давялося вырабляць яму на лёдзе, аднак утрымаўся, не ўпаў. Затое жанчына выйшла асцярожненька, трымаючыся за мужаву руку… Пасмяяліся і пайшлі маладыя.
Пасля адзін за адным выходзілі з пад’езда жыхары іншых кватэр. Хтосьці, лаячыся, валяўся, некаму ўдалося ўтрымацца на нагах… І нікому не прыйшло ў галаву збіць лёд ці хаця б пасыпаць яго пяском. Праз два дні гэта зрабіла дворнічыха Алена Сяргееўна, якая выйшла з бальнічнага.
І нікому не прыйшло ў галаву…
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


