Сёння адной з важных формаў работы культработнікаў з’яўляюцца выезды ў самыя аддаленыя вёсачкі і выступленні на імправізаваных сцэнах: у сцюжу і непагоду – у вясковай хаце; у цёплую пару года – проста на вуліцы. На такія канцэрты збіраюцца ўсе нешматлікія жыхары населеных пунктаў.
Самадзейныя артысты Куранецкага сельскага дома культуры з канцэртнымі праграмамі аб’ехалі (і не адзін раз!) увесь свой сельсавет, пабывалі, мусіць, у кожнай установе і арганізацыі. Ды і не толькі, што называецца, па мястэчку выступаюць яны – творчая няўрымслівасць і жаданне парадаваць людзей кліча артыстаў і далей. Вось і нядаўна адбыўся выезд у Даўгінаўскі сельсавет, дзе куранецкія культработнікі Ніна Малафей, Зоя Бабарыка, Наталля і Сяргей Дзік пабывалі ў Вардамічах (іх гасцінна сустракала ў сваім доме Алена Войніч), у Саланым (гаспадыня дома Ганна Валько), у Залазоўі (Ганна Дубаневіч). У арганізацыі гэтых сустрэч прымалі непасрэдны удзел старшыня Даўгінаўскага сельсавета Аляксандр Маліноўскі, супрацоўніца сельвыканкама Наталля Мінчык, сацыяльныя работнікі Святлана Адамовіч, Ірына Цыгалка, Яўгенія Гурновіч.
Жарты, гульні, песні і, вядома ж, успаміны пра маладыя гады – усё гэта было падчас сустрэч. «Памятаеце, якія былі маразы-траскуны на Каляды…», «Ці не забыліся, як варажылі…», «А з каляднай зоркай як хадзілі…». Здавалася, ўспамінам не будзе канца. І нібыта адступілі гады, вясковыя пенсіянеры зноў адчулі сябе маладымі. Захацелася падхапіць зацягнутую артыстамі песні і з гарэзліва-працяжным «у-ух» закружыцца ў полечцы…
– Дзякуй вам, дзетачкі! Часцей прыязджайце! – гэтыя словы самадзейныя артысты чуюць у кожнай вёсцы, куды наведваюцца з канцэртнай праграмай. Яны абяцаюць: абавязкова. І выконваюць свае абяцанні, бо дарыць людзям радасць, абуджаць прыгожыя ўспаміны і нават вяртаць у маладосць – іх работа.
Ірына БУДЗЬКО



