Храм нашага дзяцінства. Месца, дзе мы ўпершыню схіліліся перад абразом у святой малітве, атаясамляючы твар Маці Божай з мацярынскім абліччам. Дзе шчыра спавядаліся ў сваіх немудрагелістых дзіцячых правіннасцях, прымалі першае прычасце, вучыліся давяраць святару, свайму духоўнаму айцу. Храм дзяцінства заўсёды ў нашых сэрцах. Нават тады, калі няўмольны лёс, як асеннюю лістоту, разнясе нас па свеце, – няхай сабе не наяву, а ў думках, мы звяртаемся да вытоку сваёй духоўнасці. Храм – гэта тое месца дзе цябе прымуць усякага: і радаснага, і замаркочанага, і праведнага, і грэшнага. Калі супярэчнасці гнятуць тваю душу, тут ты знойдзеш доўгачаканы супакой і шчыра пажадаеш яго бліжняму.
У наступным годзе вілейскі касцёл Чырвонага Крыжа адзначае сваё 100-годдзе. І гэта дата стане сапраўднай падзеяй для парафіян – тых, у каго менавіта з гэтым храмам звязаны самыя ўзнёслыя імгненні жыцця. Давайце адновім іх у сваёй памяці. Магчыма, хтосьці мае фотаздымкі, яшчэ нейкія рэліквіі, звязаныя са святым месцам, што мела нялёгкі лёс. Успомнім святароў, аднаўленне храма, зачыненага ў часы ваяўнічага атэізму. Да юбілею рыхтуецца летапіс касцёла Узвышэння Святога Крыжа, на аснове якога мяркуецца выдаць ілюстраваную кнігу, магчыма, фотаальбом. Найбольш цікавыя матэрыялы мы мяркуем размясціць таксама на старонках сваёй газеты. Давайце разам узнаўляць гісторыю роднага краю, тых яго месцаў, якія выпраменьваюць духоўнае святло, што крышталізуе чалавечую душу, узносячы яе да нябесных вышынь.
Свае ўспаміны адрасуйце рэдакцыі па тэлефоне 5-52-63 або накіроўвайце на наш электронны ці паштовы адрас.
Марыя КУЗАЎКІНА
Да 100-годдзя касцёла Узвышэння Святога Крыжа
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов