Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сумесны праект рэдакцыі газеты «Шлях перамогі» і ДУ «Вілейскі ТЦСАН»

Над сэнсам паняцця «шчасце» людзі задумваліся і будуць задумвацца заўсёды. І тлумачэнні – у кожнага свае. Для адных яно – у сямейным дабрабыце, грошах; для другіх – у любімай рабоце; для трэціх – у добрых дзецях…
Героі гэтага матэрыяла наўрад ці адкажуць адназначна, у чым яно, іх шчасце. Тут коратка не атрымаецца, бо для іх, Аркадзя Васільевіча і Ларысы Міхайлаўны Ігнатовічаў з Нарочы, шчасце – паняцце шматграннае.
Ці лічуць яны сябе шчаслівымі? Толькі паціскаюць плячыма, маўляў, жывём як і ўсе людзі, працуем, выгадавалі дзяцей, дапамагаем няньчыцца з унукамі. На першы погляд, усё як у іншых. Хіба толькі з адным адрозненнем: кожны з іх літаральна жыве сваёй работай.

Іх знаёмства адбылося каля чатырох дзясяткаў гадоў назад у колішнім калгасе «Праўда» – абое прыехалі сюды, у Пагост, маладымі спецыялістамі пасля заканчэння тэхнікумаў. Яна вывучылася на бухгалтара, ён – на заатэхніка. Зразумела, што Аркадзь проста не мог не звярнуць увагу на чарнявую прыгажуню з даволі рэдкім імем – Ларыса. Ёй жа спадабаліся сур’ёзнасць і надзейнасць хлопца. Вяселле згулялі ў 1976-ым. І пачалося нялёгкае, але такое светлае (мусіць, таму, што былі маладымі) жыццё… Спачатку жылі і працавалі ў Пагосце, праз нейкі час пераехалі ў калгас «Чырвоны Кастрычнік» – і на сем гадоў роднай вёскай сталі Бубны. У Нарочы сям’я з 1987 года. За доўгія гады Ігнатовічы звыкліся з тутэйшымі людзьмі і ўжо даўно адчулі сябе мясцовымі. Адсюль выпырхнулі ў самастойнае жыццё іх дзеткі: Марына закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, зараз працуе ў ідэалагічным аддзеле райвыканкама; Алена пасля педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка стала аглядальнікам у «Настаўніцкай газеце»; а самы малодшы, Андрэй, заканчвае Гродзенскі сельгасуніверсітэт, набывае прафесію інжынера-тэхнолага. Старэйшыя дочкі ўжо маюць свае сем’і і парадавалі бацькоў унукамі Ілюшам і Аленкай. Якая радасць для бабулі з дзядулем, калі іх дом напаўняецца дзіцячымі галасамі! Большай, здаецца, і не трэба. І міжволі ў думках вяртаюцца яны ў той час, калі маленькімі былі іх дзеці…
– Я заўсёды хацела мець вялікую сям’ю, – дзеліцца Ларыса Міхайлаўна. – Памятаю, жартам спрачаемся з мужам: я яму кажу, што ў нас будзе пяцёра дзетак, а ён мне – што адно. На справе атрымалі сярэдняе паміж гэтымі лічбамі – трое.
У старэйшых дзяўчат з сынам немалая розніца ў гадах, таму ім, большым, выпадала і дапамагаць па гаспадарцы болей, і малодшага даглядаць. З маленства дзяўчынкі і палолі з маці, і на сенажаці ўпраўляліся, і ў ягады хадзілі.
– Аркадзь завочна заканчваў вышэйшую навучальную ўстанову, – расказвае Ларыса Міхайлаўна. – Бывала, паедзе ўлетку на сесію, а тут і гаспадарка, і сена, і дзеці малыя… Нялёгка было, але ўсё перажылося. Затое атрымаў муж вышэйшую адукацыю, як я і марыла. Сам, мусіць, не знайшоў бы часу падаваць дакументы, дык я сабрала іх ды адправіла. А ўжо як выклікалі на здачу экзаменаў, дык не было куды адступаць. Паехаў, паспяхова здаў і паступіў. Я і сама марыла вучыцца далей, ды так і не сабралася – гаспадарка, дзяцей трэба было гадаваць, вучыць.
Ды, відаць, справа не толькі ў вышэйшай адукацыі. У Нарачанскім сельсавеце, дзе Ларыса Міхайлаўна працуе спецыялістам другой катэгорыі, ёй давераны, бадай, самыя адказныя ўчасткі работы. Цёпла і паважліва адгукаецца пра жанчыну старшыня сельсавета Анатоль Бяганскі. Паболей бы такіх сямей, дзе працавітыя і разумныя бацькі і гэтакія ж дастойныя дзеці.
У канцы мінулага года ў сям’і Ігнатовічаў адбылася ўрачыстасць – адзначалі шасцідзесяцігоддзе Аркадзя Васільевіча. Было многа цёплых слоў ад кіраўніцтва гаспадаркі, спецыялістаў і радавых працаўнікоў у адрас галоўнага заатэхніка. На гэтай пасадзе Аркадзь Васільевіч у гаспадарцы болей за чвэрць веку. І за гэты час, мусіць, не было такога, каб ён па нейкай прычыне не наведаўся на працу. Нават у выхадныя знойдзе хвілінку, каб праехаць па фермах, сустрэцца з людзьмі і ўпэўніцца, што ўсё ў парадку.
– Такім быў яго бацька, які заўсёды вучыў сына: выбраў справу – трымайся яе, хоць і няпроста, – расказвае Ларыса Міхайлаўна. – Не любіў вельмі людзей павярхоўных, летуноў…
Нешматслоўны Аркадзь Васільевіч, да таго ж чалавек вельмі сціплы, пераводзіць размову на іншае:
– Праца ў жывёлагадоўлі, канешне ж, нялёгкая. Калі глядзіш іншы раз у газетах аб’явы, дык у многія гаспадаркі патрабуюцца менавіта спецыялісты жывёлагадоўлі. У нас жа цяпер, што называецца, камплект – забяспечаны мы і даяркамі, і даглядчыкамі. І ўмовы працы людзям створаны добрыя, у адпачынкі яны ідуць па графіках, каму трэба – папраўляе здароўе ў санаторыях. Уклад нашай гаспадаркі ў здабыткі раёна немалы. Напрыклад, па вытворчасці мяса складае дваццаць працэнтаў, малака – прыкладна шаснаццаць. У гэтым найперш, лічу, заслуга кіраўніка гаспадаркі Генадзя Кучко, які і спецыялістаў кваліфікаваных падабраў, і сам вельмі многа працуе. Ён выдатна ведае літаральна ўсё ў нашай галіне. А галоўнае, Генадзь Мечыслававіч не лічыць лішнім унікнуць у любую, здавалася б, дробязь, разабрацца, павучыцца. Вельмі важная гэта рыса для кіраўніка.
Юбілей Аркадзю Васільевічу будзе помніцца. Многа цёплых слоў пачуў ён у свой адрас. Гэтай падзякі спецыяліст жывёлагадоўчай галіны з амаль што саракагадовым стажам заслужыў сваёй сумленнай працай. Хоць прызнаваць гэтага не жадае, маўляў, працую, як і іншыя. А яшчэ нагадваць пра высокую ацэнку яго працы, дадзеную кіраўніцтвам ААТ «Нарачанскія зоры», будуць цялушка і кабанчык, падораныя гаспадаркай да юбілею. Цялушку вырашылі гадаваць, бо ў апошнія гады карову на падворку не трымалі, усё болей свіней ды птушку. Жыўнасці ў вялікай гаспадарцы цяпер паболела, ды гэта гаспадароў толькі радуе. Управімся, разважаюць, да працы не прывыкаць. Не для сябе стараюцца, а, як і ўсе клапатлівыя бацькі, для дзяцей, якім хочацца дапамагчы.
У свой час маладая сям’я Аркадзя і Ларысы адчувала клопат і падтрымку ад сваіх бацькоў, за што заўсёды ўдзячны родным, якіх ужо, на жаль, няма на свеце. А жыццё працягваецца, і сёння ўжо іх, Аркадзя Васільевіча і Ларысу Міхайлаўну, цешаць дзеці і ўнукі.
Любімая работа, людская павага, добрыя дзеці – гэта, напэўна, і ёсць шчасце. Ларыса Ігнатовіч толькі паціскае плячыма. Хто ведае, якое яно, шчасце… Яны з Аркадзем Васільевічам не стараюцца знайсці канкрэтны адказ – проста жывуць сваёй сям’ёй і сваёй работай. Жывуць адкрыта, сумленна,дастойна і радуюцца таму, што патрэбны людзям.
Ірына БУДЗЬКО
На здымку: Аркадзь Васільевіч і Ларыса Міхайлаўна Ігнатовічы.
Фота з сямейнага архіва ІГнатовічаў

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries