Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У краязнаўчым музеі адбылася выстава дызайнерскіх елак і цацак

У зале выстаў краязнаўчага музея адбылося адкрыццё выставы дызайнерскіх елак і цацак у рамках праекта «ART-елка», які набыў ужо статус штогадовага. Выставу адкрыла навуковы супрацоўнік музея Надзея Аўдзей, якая расказала пра ўзнікненне традыцыі адзначаць Новы год і прыбіраць навагодняе дрэўца.

Тое, што ўбачылі госці выставы, не магло не ўразіць – такога мноства елак, выкананых з самых розных матэрыялаў і ў самых розных тэхніках, у адным месцы ўбачыш не часта. Удзельніцы клуба «Залаты ўзрост», якія таксама не абышлі сваёй увагай гэта мерапрыемства, шчыра радаваліся поспехам сённяшніх школьнікаў. Менавіта яны пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў стварылі такую прыгажосць. Елачкі з прыроднага матэрыялу, аздобленыя макаронамі, з джынсавай тканіны, з сухафруктаў, з бісеру, пенапласту і нават вязаныя кручком і спіцамі! А побач з імі – не менш цікавыя выявы драконаў, што, згодна ўсходняму календару, сімвалізуюць надышоўшы год. Было, адным словам, на што падзівіцца.
Сюрпрызам і падарункам усім, хто прысутнічаў, стаў майстар-клас супрацоўніцы Цэнтра эстэтычнага выхавання Алены Шахрай. Аказваецца, са звычайнай паперы можна зрабіць столькі ўсяго незвычайнага, каб упрыгожыць лясную прыгажуню! Алена Генрыхаўна распавяла і цікавую калядную гісторыю, якая ўразіла прысутных.
А яшчэ падчас мерапрыемства прадстаўнікі маладога і больш сталага пакалення былі з’яднаныя адной мэтай – яны старанна прыбіралі галінкі елачкі салодкімі ўпрыгажэннямі. Узнавіўшы такім чынам даўнішнюю традыцыю.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара.






Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries