Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Радзеюць рады відавочцаў вайны…

Сумная навіна: на 96-м годзе пайшоў з жыцця ветэран Вялікай Айчыннай вайны
з вёскі Сакалоўка Хаценчыцкага сельсавета Уладзімір Канстанцінавіч Барысевіч.
Прыгадваю сустрэчу з гэтым цікавым чалавекам у кастрычніку мінулага года. Тады ён, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, выглядаў жвавым і маладжавым. Здавалася, што гэтаму мудраму чалавеку яшчэ доўга жыць і дзяліцца з намі тым, што перажыў і памятае.

Уладзімір Канстанцінавіч Барысевіч. Фота прадстаўлена Алесем РАТКЕВІЧАМ

Пра свайго гераічнага земляка, сябра і цудоўнага чалавека ў рэдакцыю напісаў Алесь Раткевіч. «Асабіста для мяне ён быў яшчэ жывым архівам нашай мясцовасці, мінулага стагоддзя, – падзяліўся ён. – Дзякуючы цудоўнай памяці Уладзімір Канстанцінавіч захаваў для нас шмат цікавых і ў большасці сваёй трагічных падзей, якія адбываліся ў мінулым у яго роднай вёсачцы Чарвякі (цяпер гэта Сакалоўка) і ў ваколіцах. Успаміны Барысевіча пра яго трагічны лёс, а таксама і пра ўсё астатняе я змясціў у сваіх кнігах. Уладзімір Канстанцінавіч усё сваё доўгае жыццё не толькі прысвяціў сваёй сям’і і ўспамінам, але і прымаў самы непасрэдны ўдзел ва ўсіх агульнаграмадскіх вясковых справах. Гэта дапамога вяскоўцам, будоўля помнікаў і аднаўленне брацкіх магіл па загінулых земляках. Дзякуючы добрай памяці Уладзіміра Канстанцінавіча былі вернуты з забыцця дзясяткі імёнаў загінулых мірных жыхароў Сакалоўкі. Гэта дазволіла надаць статус воінскіх пахаванняў тром брацкім магілам на сакалоўскіх могілках і адной – у суседнім Брыгідаве».

І зноў прыгадала тую кастрычніцкую сустрэчу з Уладзімірам Канстанцінавічам. Развітваючыся, мы з ім дамовіліся сустрэцца вясной, напярэдадні пераможнага майскага дня, каб пагутарыць і яшчэ раз расказаць на старонках газеты пра трагічныя ваенныя падзеі, перажытыя людзьмі. На вялікі жаль, сустрэча ўжо не адбудзецца…

Ірына БУДЗЬКО/

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 155 queries