Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Беларускія традыцыі: «Мароз, мароз! Хадзі куццю есці!»

Адзначаць стары Новы год у ноч з 13 на 14 студзеня сталі болей за сто гадоў назад – пасля 1918 года, калі было ўведзена новае летазлічэнне.
З пераходам з юліянскага календара на сучасны грыгарыянскі, розніца паміж якімі складае 13 дзён, 1 студзеня па старым стылі адпавядае 14 студзеня па новым.

 

Вечар з 13 на 14 студзеня на Вілейшчыне называлі шчодрым, багатай куццёй. І вячэра была адпаведнай. На стале былі каўбасы, сала, сыр, яешня, бліны, булкі і розныя іншыя прысмакі, прыгатаваныя руплівымі гаспадарамі. Стараліся, каб святочны стол быў вельмі багатым – такім, верылі людзі, будзе для іх і ўвесь год.

Перад тым, як сесці за стол, гаспадар адчыняў дзверы і клікаў: «Мароз, мароз! Хадзі куццю есці!» Так людзі стараліся неяк паўплываць на сілы прыроды, «дамовіцца» з імі, каб не шкодзілі гаспадарцы, пасевам. Верылі, што пачастунак улагодзіць таго ж мароза, вось і не захочацца яму вясной нішчыць дружныя ўсходы на палетках.
У некаторых вёсках у гэты вечар хадзілі па хатах калядоўшчыкі, якія віншавалі гаспадароў, а за гэта атрымлівалі смачныя падарункі – каўбасы, сала. Уся гэта дзея суправаджалася жартамі, песнямі, танцамі, вясёлымі пажаданнямі.

Для маладых дзяўчат гэта святочная ноч была часам варажбы на замужжа і на суджанага. А якім бу­дзе далейшы лёс, вызначалі па-рознаму: пяклі аладкі і раскладвалі перад сабакам – чыю першую з’есць, тая дзяўчына і выйдзе замуж першай; выбягалі на вуліцу і абхоплівалі плот – калі ў абдымку была цотная колькасць частаколін – дзяўчына хутка выйдзе замуж, калі няцотная – давядзецца пачакаць. У гэтую ноч, казалі, і сны дзяўчат былі прарочыя: хто з хлопцаў прысніцца, той і стане мужам. Сцвярджаюць, што ўсё спраўджвалася.

– А яшчэ ў гэты вечар была традыцыя цягаць вароты, – прыгадала 90-гадовая Галіна Грышкевіч, жыхарка вёскі Путрычы Крывасельскага сельсавета. – Ад дамоў, дзе жылі дзяўчаты, вароты перацягвалі да дамоў хлопцаў і наадварот. Часам моладзь ужо празмерна разыходзілася, вытварала і зусім не смешнае: то дзверы некаму падапруць, а ўранку гаспадары не могуць выйсці на вуліцу, то залезуць на дах ды заткнуць комін, а як распаліць уранні гаспадыня печ – увесь дым на хату… Было ўсякае. На той час, канешне, не да смеху было, а цяпер, калі вёсачка зусім абязлюдзела, узгадваеш пра гэта з сумам і шкадаваннем, што ўжо не вернецца нічога назад.
Ёсць у народзе і такая прыкмета: да старога Новага года трэба абавязкова аддаць усе даўгі, а таксама памірыцца з тымі, з кім пасварыўся. Добрая прыкмета, вельмі важная.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 53 queries