Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Лавілі рыбу

У акваторыі вадасховішча паблізу выратавальнай станцыі 9-10 студзеня адбыўся першы этап чэмпіяната Беларусі па спартыўнай лоўлі рыбы з лёду на блешню. На вілейскі лёд прыехалі 17 каманд, а агульная колькасць удзельнікаў і відавочцаў склала каля тысячы чалавек.

Чэмпіянат па спартыўнай лоўлі з лёду на блешню праходзіць у два этапы: першы – на нашым вадасховішчы, а другі – распачнецца на адным з вадаёмаў у Полацкім раёне ў лютым.
Першыя лункі былі прабураны ў суботу, 9 студзеня, а 8 гадзіне раніцы. Блешні ў ледзяную ваду закінулі рыбаловы з 17 каманд. Большасць каманд прадстаўлялі Мінск, было некалькі каманд з Гродна. У склад кожнай уваходзілі па тры спартсмены, яшчэ два былі ў запасе.
– Чорна было на лёдзе ад людзей, – распавядае начальнік выратавальнай станцыі Аляксандр Роўда, – прыкладна, каля тысячы рыбакоў сабралася. З’ява неардынарная. Нават здымачная група аднаго з цэнтральных тэлеканалаў прыехала.
Каля 15 гадзін увесь улоў узважылі,і з’явіліся першыя лідэры. Лавілі акунёў, судака і шчупака. Назаўтра, у нядзелю, адбыўся другі тур, падчас якога зноў лавілі рыбу, якую потым узважылі.
Па выніках двух тураў перамогу святкавала сталічная каманда “Аматары Fishing”, якая здолела ў мутнай вілейскай вадзе “знайсці” 17 кілаграмаў 327 грамаў рыбы.
– Самай вялікай рыбай, што злавілі, аказаўся шчупак вагой у 1,2 кілаграма, – расказаў Аляксандр Роўда.
Начавалі рыбакі, хто дзе. Некаторыя здымалі начлег у вёсках, а іншыя скарысталіся паслугамі гасцініцы вілейскага каледжа.
Спаборніцтвы былі арганізаваны беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў, а таксама федэрацыяй рыбалоўнага спорту Беларусі. Пераможцы і прызёры былі заахвочаны Дыпломамі і каштоўнымі прызамі. Мерапрыемства праходзіла пры падтрымцы рыбалоўных крам, якія прадставілі падарункі.
Анатоль ЗАНКАВІЧ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries