Пра тое, што правілы супрацьпажарнай бяспекі існуюць і што іх трэба выконваць, ведаюць, здаецца, усе. Але, тым не менш, пажары ўсё ж здараюцца. Так, ноччу 11 снежня ў райаддзел па надзвычайных сітуацыях паведамілі: на вуліцы Гістарычнай у Вілейцы гарыць лазня. Гаспадары вырашылі памыцца, і 10 снежня затапілі лазню. Але тапілі яе значна даўжэй, чым звычайна – больш за чатыры гадзіны. Дарэчы, лазню гаспадар будаваў сам, і печ клаў таксама сам – як высветлілася, з парушэннем правілаў супрацьпажарнай бяспекі. Паміж печчу і сцяной былі складзены дровы. Ад накаленай печы яны пачалі тлець, потым агонь перакінуўся на сцяну… Вынік – згарэла і лазня, і прыбудаваны да яе хлеў з дровамі. Распаўсюдзіцца агню на другі хлеў, з хатняй жывёлай, і хлеў суседзяў не далі пажарныя і дабрачынная пажарная каманда «Буддэталяў». Яны своечасова лакалізавалі пажар у гэтых памерах. Ахвяр няма, а гаспадары зараз падлічваюць матэрыяльную шкоду.
Каму казаць «дзякуй» за пашкоджаны дах?
11 снежня, пасля шасці гадзін вечара, жыхар Ільі заўважыў, што гарыць склеп. Пакуль ён паведаміў пра ўзгаранне і прыехалі супрацоўнікі МНС, агонь перакінуўся ўжо на дом. Папярэдняя праверка разам з прадстаўнікамі энерганагляду дазваляе казаць пра няспраўнасць электрасеткі як першапрычыну ўзгарання. Верагодна, адбылося кароткае замыканне, а само ўзгаранне мог справакаваць так званы «жучок»– самаробны плаўкі засцерагальнік. Пашкоджаныя склеп і дах – такая расплата за бестурботнасць. Страшна падумаць, чым магло б усё скончыцца, калі б справа адбылася ноччу і пачатку пажару гаспадар не заўважыў…


