Арганізавана яна была ў форме канферэнцыі, на якую класныя калектывы вылучалі дэлегатаў – татаў сваіх вучняў. Не сакрэт, што бацькоўскія сходы звычайна наведваюць мамы. І выхаваўчая роля моцнай палавіны такім чынам некалькі ігнаруецца.
Зрабіць бацьку саўдзельнікам сямейнага выхавання і вывесці яго на пазіцыі, вартыя сапраўднага мужчыны – такую задачу ставяць перад сабою школьныя педагогі. Аб ролі бацькі ў грамадстве і яго адказнасці за фарміраванне дзіцяці як асобы – разважанні дырэктара школы Мікалая Гіро. Іх мы і прапаноўваем увазе нашых чытачоў.
Выхаваць дастойнага чалавека – адна з найважнейшых задач педагога. Але галоўная роля ў выхаванні дзяцей належыць бацькам. Толькі ў сям’і дзіця навучыцца паважаць людзей, зможа выбраць правільны жыццёвы шлях. I калі бацькі і ўстанова адукацыі знаходзяць агульную мову, гэта прыносіць пэўны плён. Менавіта такія думкі выказваюцца вамі, паважаныя бацькі, калі вы наведваеце ўрокі ў час правядзення дзён адкрытых дзвярэй. Нядаўна ў сталіцы прайшоў семінар «Педагагічнае ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі з сям’ёй: скразной лініяй гучала думка пра тое, што варта прывабліваць да дыялога са школай менавіта татаў. Мэта школы – прапаганда бацькоўства як гонар, шчасце, задавальненне.
Кажуць, што без мужчын свет няпоўны. Які ён, партрэт беларуса? На першага студзеня 2011 года ў нашай краіне пражывала 4 мільёны 4 тысячы мужчын ці 46,5 % ад агульнай колькасці насельніцтва. Сярэдне-статыстычны беларус адносна малады – яму 37 гадоў; большасць беларускіх мужчын знаходзяцца ў шлюбе (62%); 7% – разведзеныя; 4% – ўдаўцы; 27% прадстаўнікоў моцнага полу не спяшаюцца звязваць сябе шлюбнымі сувязямі. Паводле звестак перапісу,амаль кожны шосты мужчына мае вышэйшую адукацыю. Традыцыйна на працягу гадоў сярэдняя заработная плата мужчын перавышае заробак жанчын.
У цэлым, як бачыце, партрэт беларускага мужчыны выглядае даволі прывабна: ён малады, адукаваны, прыхільнік сямейных каштоўнасцяў.
Быць бацькам – цяжка, але ў вышэйшай ступені пачэсна. Гэта вялікая адказнасць і вялікі гонар. Мужчыны, якія не займаюцца выхаваннем сваіх дзяцей, не разумеюць, якой радасці пазбаўляюць сябе. Але самае галоўнае – яны пазбаўляюць дзіця бацькі, яго любові, цеплыні, ласкі. Але ж дзеці імкнуцца быць на іх падобнымі, паводзіць сябе так, як яны. Калі ж вы хочаце выхаваць дзіця адказным, ветлівым, працавітым, з добрымі намерамі, душой, то толькі адных размоў мала, бацькі павінны паказваць асабісты прыклад, быць чыстымі ў сваіх думках.
Нашы вучні жадаюць жыць у шчаслівых сем’ях. Бо сям’я – адзінства людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі. Сям’я – гэта дом, гэта сяброўства і шчасце. Сям’я – калі разам у сонечны дзень і непагадзь. Сям’я, дзе дапамагаюць, падтрымаюць, зразумеюць, супакояць, навучаць усяму добраму.
Мы прапанавалі нашым вучням была магчымасць звярнуцца да бацькоў праз лісты. Вось некаторыя з іх:
…Мой родны папачка, я так хачу каб мы заўсёды былі побач. Я люблю з табой пагуляць у футбол і проста паглядзець тэлевізар, але ты заўсёды заняты. Знайдзі на мяне час! Я так люблю цябе!
Падрастаючы чалавек патрабуе да сябе максімум увагі, зносін. Ён хоча даверу. I мы, бацькі, павінны яму яго даць. Давяраць – значыць прызнаваць, што ў дзіцяці ўсё ў парадку. Гэта вера ў тое, што ён можа вучыцца на сваіх памылках, што ён заўжды робіць лепшае, на што здольны, нават калі здаецца, што гэта не так.
У ТЭМУ:
На канферэнцыі бацькоў, якая адбылася нядаўна ў школе, выхаваўчым вопытам падзяліліся і таты са стажам, і маладыя. Разам абмеркавалі відэасюжэт, падрыхтаваны школьным парламентам. І нават прынялі рэзалюцыю, у якой заклікалі бацькоў прымаць актыўны ўдзел у выхаваўчай рабоце, фарміраванні духоўных арыенціраў сваіх дзяцей, быць для іх прыкладам фізічнай і маральнай дасканаласці.
Падрыхтавала Марыя КУЗАЎКІНА







