Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

На вилейском городском стадионе – команда молодости нашей, а голкиперу – 70!

Неардынарнае спартыўнае мерапрыемства адбылося на стадыёне Вілейкі 10 чэрвеня – гульня ў футбол у фармаце 5х5, асаблівасць якой была ў тым, што канчатковы вынік яе быў вырашаны ўжо да стартавага сігнала суддзі.

Гэты вынік сем: нуль. Менавіта такія дзве лічбы – 70 – вызначалі ўзроставы юбілей футбаліста Пятра Васільевіча Слуцкага. Амаль палову стагоддзя (з таго часу, як прыбыў у 1974 годзе ў Вілейку), ён адначасова з абаронай футбольных варот абараняе і спартыўны, і працоўны гонар свайго раёна, працягваючы і зараз працоўную дзейнасць.

Тых, хто праіграў, у гэты дзень на стадыёне не было. Але гэта не азначае, што з узростам у ветэранаў футбола знізіліся спартыўны азарт і амбіцыі. Асноўны і дадатковы час гульні не выявіў пераможцу – лік 5:5, і гэта сімвалічна.

Адметна, што юбілей галкіпера (а менавіта ім выступае Пётр Васіль­евіч) супадае са знакавай падзеяй для нашага горада, якая адбылася сорак гадоў назад. Менавіта тады, у 1983 годзе, каманда «Зеніт» прыняла ўдзел у чэмпіянаце Беларускай ССР на роўных з камандамі Барысава, Гродна, Ліды, Маладзечна, Салігорска, Жодзіна.


Непасрэднае дачыненне да тых падзей 40-гадовай даўніны мае і Пётр Васільевіч. 10 чэрвеня разам з ім на футбольнае поле выйшлі ігракі той самай каманды Анатоль Сільвановіч і Аляксандр Шэры. З той жа каманды і віляйчане Валерый Купцэвіч, Генадзь Капцюг, Міхаіл Мішкевіч, Ігар Шышкін.

Ведаў вілейскі футбол свае зорныя часы і пасля 1983 года. Былі перамогі і прызавыя месцы на чэмпіянаце Мінскай вобласці, заваяванне кубкаў. Гэтаму спрыялі ў свой час непасрэдна кожны з тых, хто выйшаў на футбольнае поле павіншаваць юбіляра.

Але менавіта тая каманда 1983 года, у якой Пётр Слуцкі займаў пазіцыю пад №1, застаецца камандай мары для Вілейкі – у першую чаргу ў прафесіяналізме падыходу да сваёй справы. Трэнер той каманды Валерый Астроўскі, своеасаблівы мазгавы цэнтр Аляксандр Бахар – гэта вядомыя ў Вілейцы людзі. Усе яны лічылі і лічаць сябе братамі. Мабыць, у свой час, падобна зоркам на небе, у футбольнай Вілейцы таксама нешта сышлося.

Сяргей НЯХАЙЧЫК.

На здымку: злева направа (верхні рад): Сцяпан Брэль, Сяргей Буфал, Пётр Слуцкі, Алег Губіч, Віктар Чумазаў, Віктар Лінкевіч, Аляксандр Шэры: (ніжні рад): Анатоль Сільвановіч, Ігар Шабан, Генадзь Назараў, Анатоль Гатоўка, Сяргей Няхайчык.

Фота прадстаўлена аўтарам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 22 queries