У Чурлёнскай школе адбыўся конкурс выразнага чытання «Твае напевы не заснулі…», прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння беларускага класіка Максіма Багдановіча.
У Багдановіча шмат твораў розных жанраў, шырокага зместу і багатай формы, яны такія лірычныя, духоўна глыбокія, тонкага слыху і бачання ўсяго навакольнага. Кожны ўдзельнік конкурсу выбіраў твор па душы. Таму і чытанне было асабістае, прачулае, шчырае… нераўнадушнае. Дваццаць два ўдзельнікі – вучні з трэцяга па адзінаццаты клас. І ў кожнага чытальніка была ў руках кветачка. 22 кветачкі, з якіх школьнікі сабралі свой вянок Максіму Багдановічу – як сімвал памяці, прыхільнасці і павагі да яго творчасці. Успомніліся (і нездарма) словы Алега Лойкі: «Паэт нараджаецца не аднойчы. Ён нараджаецца мільёны разоў – зноў і зноў, ва ўсё новых і новых сваіх чытачах».
Свае адчуванні ад твораў Максіма Багдановіча перадавалі вучні чацвёртых-шостых класаў – праз малюнак. А да кніжнай выставы ў кабінеце роднай мовы ў нас можа звярнуцца кожны. Радкі з твораў паэта гучаць не толькі на ўроках беларускай мовы і літаратуры…
Наталля Роліч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
ДУА «Чурленскі НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа»




