Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Папіла вадзіцы…

Большую частку рабочага часу карэспандэнт абласной газеты, які працуе на рэгіёне, праводзіць у дарозе. Расклад руху грамадскага транспарту не заўсёды супадае з творчымі планамі журналіста. Таму даводзіцца галасаваць на дарогах, прасіць знаёмых кіраўнікоў «падкінуць» да пункта, дзе намечана ўзяць інфармацыю. Але на гэты раз мне выключна пашэнціла. Удакладніўшы па тэлефоне час адпраўлення аўтобуса Маладзечна-Вілейка, я зразумела: паспяваю. Калі, вядома, будзе на гэта вялікая міласць кіраўніка гаспадаркі, адкуль я мела намер напісаць матэрыял аб метадзе брыгаднага падраду ў жывёлагадоўлі. Была на пачатку 90-ых такая папулярная форма арганізацыі працы. І кожнае паважаючае сябе выданне лічыла неабходным мець на сваіх старонках падобную рубрыку. А кіраўнік наведанага мною калгаса на прыкладзе сваёй гаспадаркі абараніў кандыдацкую дысертацыю. Сабраная інфармацыя, ў літаральным сэнсе слова, не змяшчалася ў блакноце. Мы многа дарог скалясілі, наведалі некалькі ферм, гутарылі з людзьмі. Дзень стаяў летні, спякотны. Хацелася піць. Мінералка ў кабіне старшынёўскага «уазіка» літаральна кіпела ад высокіх градусаў навакольнага асяроддзя. Таму, узяўшы курс на аўтастанцыю, старшыня прыпыніў аўтамабіль каля вадаправодная калонкі. Пакорпаўшыся за сядзеннем, выцягнуў адтуль бутэльку з-пад «Сталічнай». Напоўніўшы яе, затыкнуў горлачка пластмасавым коркам. І з пачуццём выкананага абавязку аддаў мне ў рукі. Маўляў, пі, карэспандэнт, не грэбуй…
У аўтобусе мне яшчэ раз пашчасціла: знайшлося вольнае месца пасярэдзіне салона. У люстэрку, над кабінай, я бачыла твар вадзіцеля і ад няма чаго рабіць кідала на яго позіркі. Між іншым, адзначыўшы, што бачу гэтага чалавека на маршруце ўпершыню. Выцягнула з сумкі бутэльку, адкаркавала і з асалодай усмакталася ў халодную вадзіцу. Зрабіўшы колькі глыткоў, вярнула бутэльку на месца. Праз колькі хвілін паўтарыла працэс. Мо падалося, але я, здаецца, дакладна бачыла ў люстэрку, як вадзіцель мне падміргнуў. Суседзі цераз праход таўхнулі адзін аднаго плячыма і пачалі ва ўпор мяне разглядаць, не хаваючы сваёй павышанай дапытлівасці. Памацаўшы гузікі на летнім сарафане і пераканаўшыся, што ўсе яны на месцы, я зноў паўтарыла «працэс». За маёй спіной раздаўся непрыхаваны рогат. Па ўсім бачна, я была аб’ектам весялосці юных суседак-пасажырак. І толькі неспадзеўку перавёўшы вочы на этыкетку, якой была пазначана бутэлька, я ўсё зразумела. Апраўдвацца не было магчымасці. Ды і які ў гэтым сэнс? На першым жа прыпынку, ля царквы, я выслізнула з аўтобуса, дэманстратыўна ляпнуўшы посуд у смеццевую скрыню. Але гэтага «адрачэння» пасажыры не заўважылі. Аўтобус ужо набіраў ход, кіруючыся да вілейскага аўтавакзала.
Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries