Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У праграме «Адкрыты фармат» прымаў удзел Барыс Цітовіч

Гаварыць, што Першая сусветная вайна нейкая іншая, чым, напрыклад, Вялікая Айчынная, «чужая», «не нашая» – нават гучыць святатацтвам. Але працяглы час было такое меркаванне, і ў школьных падручніках па гісторыі імперыялістычнай адводзілася толькі некалькі старонак. Хоць мала якую сям’ю не кранула яна сваімі чорнымі крыламі. Ваявалі рускія, украінцы, беларусы. І гінулі таксама рускія, украінцы, беларусы…

Лініяй фронту Беларусь была разрэзана на дзве часткі – на два з паловай гады. І стала арэнай ваенных дзеянняў. Вілейшчыне не пашанцавала застацца ў баку ад яе. Порса, Трапалава, Папоўцы, Касута, Рускае Сяло і іншыя вёскі хаваюць не толькі памяць пра тых, хто загінуў, але і іх магілы. Шпіталі, лазарэты – там ад раненняў паміралі людзі. Не ўсе з магіл паспявалі назначыць, сляды іх губляліся, і таму былі перазахаванні. Пра гэта расказала старшы супрацоўнік краязнаўчага музея Вольга Коласава, дадаўшы, што сёлета ўпершыню афіцыйна  ўшаноўвалі памяць загінуўшых падчас Першай сусветнай. Барыс Цітовіч шмат зрабіў для гэтага. І сёння пра помнік у Заброддзі мала хто не ведае. Дзякуючы Барысу Барысавічу, на Вілейшчыне памяць пра ахвяр Першай сусветнай – жывая і ўшаноўваецца. Як і штогод, сёлета, 12 лістапада, адбыўся «Дзень памяці ахвяраў Першай сусветнай вайны», распрацаваны Валянцінай і Барысам Цітовічамі.  У рамках яго адбыўся аўтапрабег па мясцінах, на якіх пакінула след вайна.

Чаму так важна захоўваць памяць пра Першую сусветную? Праграма «Адкрыты фармат» на тэлеканале АНТ, у якой прымаў удзел і Барыс Цітовіч, прысвячалася гэтай тэме. Барыс Барысавіч выказаўся так: «Кожная вайна – боль і абавязак, катэгорыі, звязаныя з памяццю. Без якой няма перспектывы ў будучым». Ён расказаў і пра тое, як шмат гадоў таму пераехаў з Мінска ў Заброддзе – займацца творчасцю. Убачыўшы лазарэтныя могілкі, распытаўшы мясцовых жыхароў, вырашыў іх абазначыць. І пачаў справу з пошуку інфармацыі. У савецкі час на ўсе запыты архівы адказвалі маўчаннем. Адбылася паездка ў Маскву, з якой Барыс Барысавіч вярнуўся з патрэбнай інфармацыяй, каб пачынаць работу, вынік якой мы бачым сёння. На праграме былі і іншыя людзі, чыя роля ў справе захавання памяці пра Першую сусветную таксама значная: ад пошуку гістарычных звестак – да рэканструкцыі салдацкай формы.

Падчас праграмы ішло інтэрактыўнае галасаванне: ушанаванне памяці ахвяр Першай сусветнай вайны павінна фінансавацца дзяржаўным бюджэтам або энтузіястамі? І большая частка яго ўдзельнікаў абрала першы варыянт. Безумоўна, у такой важнай справе як захаванне гістарычнай памяці народа павінна быць падтрымка з боку дзяржавы. Каб намаганні неабыякавых энтузіястаў не патанулі разам з імі ў рацэ часу.

Таццяна ШАРШНЁВА.

Фота прадстаўлена Анастасіяй ГІЛЬ

Фото

Фото

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 189 queries