Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Перавагу аддаем менавіта вілейскаму хлебу

Прадукцыя Вілейскага хлебазавода вядомая і прызнаная не толькі ў горадзе і раёне. Мая знаёмая, якая жыве ў Мінску, неяк заўважыла, што перавагу аддае менавіта вілейскаму хлебу. І мае рацыю, бо якасць яго пацверджана ўдзелам у разнастайных конкурсах, і тым, што ідуць тут насустрач пакупніку. Так, начальнік вытворча-тэхналагічнай лабараторыі хлебазавода Таццяна Балаш расказала, што ўвесь час ідзе абнаўленне асартыменту. Улічваюцца пры гэтым і адметнасці харчавання асаблівых груп насельніцтва.
– Для хворых на цукровы дыябет выпрацоўваем дыетычныя вырабы. Гэта заварны хлеб аржана-пшанічны подавы «Зацейнік»,аржана-пшанічны не заварны «Ваколіца асобы». У гэтыя вырабы ўваходзіць Бэта-вітон (бэта-карацін), за кошт яго прадукцыя ўзбагачаецца вітамінамі А і Б. Такі хлеб можа ўжывацца як дыетычны выраб, а таксама для прафілактычнага харчавання ўсіх груп насельніцтва. Для людзей з хваробамі страўніку выпускаем хлябец вотрубны «Раніца», у склад якога ўваходзіць сумесь узбагачальная «Бурштын». Гэта карысны, добры выраб, які рэгулюе работу кішэчніка. А ў конкурсе «ГУСТ» наш хлябец «Раніца» атрымаў дыплом і залаты медаль.
А нядаўна, дарэчы, на прылаўках магазінаў з’явіўся новы хлябец – «Вікторыя», у склад якога ўваходзяць восемь найменняў падрыхтаваных крупаў. Што азначае, канечне, высокае ўтрыманне ў вырабе мікраэлементаў і вітамінаў.
На хлебабулачным участку завода працуюць 86 чалавек. Знаёмячы мяне з участкам і людзьмі, старшы майстар Марына Краўчанка расказвала:
– Вось дражджавое аддзяленне – сэрца хлебазавода, тут рыхтуюцца закваскі для замешвання цеста, з якога выпякаецца хлеб.
«Хмелевая», «ленінградская», «іванаўская»… Для простага чалавека гэтыя назвы не кажуць нічога, а для спецыяліста кожная закваска мае свае ўласцівасці. І хлеб з іх таксама будзе розным – заварным (як, напрыклад, «Зацейнік») або не (як «Ваколіца асобы»). А вось тут замешваюць цеста. Цеставод Галіна Кліменок на хлебазаводзе – больш за дваццаць год. Была і пекарам, і машыністам цестараздзелачных машын. Дробнаштучны ўчастак. Тут фармуюцца з цеста будучыя хлебабулачныя вырабы – усё, акрамя батонаў. Яны выпякаюцца там жа, дзе і хлеб, толькі хлеб – у першую змену, а батоны – у ноч. Дарэчы, менавіта на дробнаштучным участку вырабляюць «Булачку дзіцячую з карыцай», прыстасаваную спецыяльна для харчавання дзяцей і ўзбагачаную вітамінізаванай кампазіцыяй «Пелікан». У конкурсе «Ласунак», які праводзіўся ў жніўні, гэты дробнаштучны выраб заваяваў залаты медаль. Ля печы з булачкамі – пекар Галіна Станкевіч. Малады спецыяліст, яна ўжо год пасля размеркавання адпрацавала на заводзе.
Як расказала Таццяна Балаш, для хворых на дыябет выпускаецца і хлеб з фруктозай – «Хлеб дыябетычны «Поспех» з пшанічнай мукі вышэйшага гатунку, а таксама «Прынёманскі дыябетычны»… У разнастайнасці і якасці вырабаў, відаць, і хаваецца тая прычына, чаму на мінулых дажынках гандлёвая палатка з прадукцыяй завода сабрала шмат прыхільнікаў. А нядаўна жыхары горада звярнуліся на хлебазавод з прапановай – выпускаць вырабы невялікай вагі (грамаў па 150-200) з заменай часткі мукі на клейкавіну. І хутка, сказала Таццяна Канстанцінаўна, такія вырабы з’явяцца ў продажы.
«Хлеб наш надзённы дай нам сёння»… Гэтыя словы ў падсвядомасці з ранняга дзяцінства. Як і незабыўны водар хлеба, што не падобны на любы іншы.
Таццяна ШАРШНЁВА
Фота аўтара

Фото

Фото
Фото
Фото

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 189 queries