«З’яўляюся пастаянным падпісчыкам раёнкі», – прыкладна так пачынаюцца нярэдка вашы, паважаныя сябры, лісты. Такія звароты ўспрымаюцца неяк па-асабліваму – як патрэба блізкага чалавека нечым падзяліцца.
Пісьмо Адама Адамавіча Сабалеўскага з Ільі з разраду такіх. «Дазвольце праз вашу, а заадно і маю (з’яўляюся пастаянным падпісчыкам) газету сказаць некалькі цёплых слоў у адрас медыцынскага персаналу, які працуе ў Вілейскім анкалагічным дыспансеры». Справа ў тым, падзяліўся наш чытач, што яму перыядычна даводзіцца лячыцца ў гэтай медыцынскай установе. Установе, трэба прызнаць, няпростай, куды людзі прыходзяць з велізарным болем…
«Тут сустракаешся з чулымі, уважлівымі, душэўнымі людзьмі, ад зносін з якімі забываешся пра сваю хваробу, – прызнаецца Адам Адамавіч. – Хочацца назваць гэтых людзей. Медсястра рэгістратуры Ванда Станіславаўна Бабкевіч – мілая, добрая жанчына, якая не толькі даходліва ўсё растлумачыць, але, калі трэба, сама правядзе да патрэбнага кабінета. Выконваючая абавязкі загадчыка анкадыспансера Таццяна Іванаўна Поклад – выдатны спецыяліст і добрай душы чалавек. Яна да кожнага знойдзе падыход, уважліва выслухае хворага, адкажа на ўсе пытанні, падбадзёрыць. Уважліва і чула адносяцца да хворых урачы Ларыса Анатольеўна Статкевіч, Вольга Барысаўна Жалняровіч, Лілія Яўгеньеўна Івашкевіч. Спецыялісты з багатым прафесійным вопытам урачы Канстанцін Канстанцінавіч і Тамара Ціханаўна Пышкалы ахвотна дзеляцца сваімі ведамі з маладымі калегамі. Добрых слоў заслугоўваюць і працуючыя ў дыспансеры медсёстры, санітаркі. Усім гэтым людзям хочацца падзякаваць за высакародную працу і пажадаць ім здароўя і шчасця».
Вучаніцы трэцяй гарадской школы Ірына Літвінковіч і Ірына Парфіновіч, якія займаюцца ў раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзеляцца ўражаннямі ад цікавай паездкі ў дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Надзея-XXI стагоддзе». «Супрацоўнікі цэнтра цікава расказалі пра гісторыю ўстановы. Мы даведаліся і пра далёкую краіну Японію, яе сувязі з цэнтрам. Нашы вучні нават пераапраналіся ў нацыянальнае японскае адзенне! Мы прайшлі па ваколіцах цэнтра, разгледзелі прыгожыя будынкі, наведаліся ў дзіцячае кафэ, сталовую. Пасля – гулялі на дзіцячых пляцоўках. Нам вельмі спадабалася. Мы ўдзячны сваім настаўнікам за цікавую экскурсію!»
Хлопчыкам і дзяўчынкам спадабалася і запомнілася – а гэта самае галоўнае.
Тэму, якая хвалюе, напэўна, кожнага, закрануў настаўнік трэцяй гарадской школы Уладзімір Томкавіч. Пасля газетных публікацый на тэмы выхавання (у тым ліку і са «Шляху перамогі») ды пасля дзяжурстваў, на якіх чаго толькі не ўбачыш, педагог напісаў вось гэты верш:
Дзень змяняе ночка –
Час для сну-спакою…
А сыны і дочкі
Крочаць грамадою.
Кінуцца на танцах
Хочацца ў скокі…
А што там у ранцах?
Зроблены ўрокі?
Пошукі чагосьці
Ля крывой дарогі…
А назаўтра ў госці
Прыйдуць педагогі.
Правільныя вельмі
Паляцяць пагрозы
І пра час вячэрні,
І пра стан цвярозы.
Хоць на дыскатэцы
Хочацца туляцца…
Добрай ночы, дзеці!
Вам – не васямнаццаць.
Час бяжыць імкліва…
Побач на планеце
Прабягаюць міма
Нашы з вамі дзеці…
Падумайце, дзеці і дарослыя, паразважайце. Магчыма, штосьці трэба памяняць у нашым жыцці?
Ірына БУДЗЬКО







