Кожны свой працоўны дзень Алена Шаблыка, загадчыца Крывасельскага сельскага Дома культуры, пачынае з задавальненнем. Любімай справай – дарыць людям свята і захоўваць народныя традыцыі – займаецца з кастрычніка 1983-га.
«Нават не ведаю, што на пенсіі буду рабіць – мая работа даўно ўжо стала часткай мяне», – прызнаецца яна. Працаваць у сферы культуры было яе жыццёвым наканаваннем – прычынай гэтаму карані. Тата – майстар на ўсе рукі, сталяр і плотнік, граў і на гармоніку, і на скрыпцы. А мама – бібліятэчны работнік, што азначае і арганізатар, і творчы шукальнік. У такім асяроддзі расла яна і пайшла ў працоўным жыцці ўслед за бацькамі па творчай сцежцы. «Так што ў клубе я, можна сказаць, з самай калыскі», – жартоўна падводзіць рысу Алена Мікалаеўна.
Дзе нарадзілася, там і згадзілася – гэта пра яе. Той самы Крывасельскі клуб, названы вышэй, стаў месцам працы на доўгія гады. Асноўны ўхіл у працоўнай дзейнасці – дэкаратыўна-прыкладная творчасць. Прыярытэт – за саломапляценнем. Далёка за межамі раёна вядома іх студыя «Крывасельская вясёлка», што пачыналася ў далёкім ужо 90-м годзе. З калегай Ірынай Станкевіч дзе толькі ні былі: на «Дажынках» рознага ўзроўню, разнастайных выставах, аб’ездзілі бадай усю Беларусь ад Віцебска да Александрыі – і ўсюды іх творчасць сустракаюць з цікавасцю і павагай. Таму што свая, знаёмая і родная. Таму што матэрыял – саломка – захоўвае цеплыню сонца і пяшчоту ўмелых рук. Пераймалі майстэрства саломапляцення яны ў Пятра Аляксеевіча Гатоўкі з Урэчча, а потым вывучалі па кніжках – так і дасягнулі дасканаласці ў сваім напрамку.
Шмат юных аматараў саломапляцення прайшло праз «Крывасельскую вясёлку» – і ёсць у Алены Мікалаеўны мара зладзіць фестываль з удзелам тых, хто аднойчы дакрануўся да гэтага віду мастацтва і пранёс яго праз усё жыццё. Загаданае якраз пад Стары Новы год, няхай спраўдзіцца гэта жаданне. А традыцыі саломапляцення хай жывуць і перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
Таццяна ШАРШНЁВА/Фото Анастасіі ЧАРНЯЎСКАЙ