Гулянка на Вілляніным хутары, нягледзячы на даволі позні час, была ў разгары. Шумная кампанія дарослых людзей, пераважную большасць у якой складалі жанчыны, развесялілася не на жарт. Нават на рэйдавую брыгаду, у складзе якой былі і супрацоўнікі міліцыі, увагу разагрэтыя спіртным людзі звярнулі не адразу. Адной з жанчын «хапіла» настолькі, што яна ўжо нават не маглі ісці. На дапамогу ёй прыйшлі яе малыя сын і дачка, якія цярпліва чакалі воддаль заканчэння свята.
– Мама, пойдзем дамоў, хопіць ужо, – старалася падняць жанчыну дзяўчынка. – Зараз падцягну веласіпед, возьмешся за яго і пойдзем…
І неяк страшна стала ад гэтых слоў. Бедныя дзеці, яны ўжо, відаць, прызвычаіліся да маміных гулянак і добра ведаюць, якім чынам «даставіць» яе дадому…
Крыху воддаль, у другой альтанцы, у той вечар на Вілляніным хутары адпачывалі падлеткі. Можна ўявіць, што бачылі і чулі, гледзячы на «адпачынак» дарослых, гэтыя хлапчукі! І, магчыма, хтосьці з юных падумаў, што гэта і ёсць норма паводзінаў… Страшна.
– На вялікі жаль, убачанае намі ў той вечар – не выключэнне, – канстатуе намеснік старшыні камісіі па справах непаўнагадовых Любоў Міцкевіч. – З падобным негатывам сутыкаешся практычна штодня. І самае страшнае, што пашыраецца жаночы алкагалізм. А гэта не можа не хваляваць.
Толькі за кастрычнік у нашым раёне забраны з чатырох сямей пяцёра дзяцей. Гэта ўжо тыя сітуацыі, калі з бацькамі-алкаголікамі жыць дзецям было проста небяспечна. А ўсяго за бягучы год з 23 сямей адабрана 31 дзіця. Шэсць бацькоў з гэтых сямей пазбаўлены бацькоўскіх правоў, заявы яшчэ на восем ужо перададзены ў суд.
Гора-бацькам даецца шанс вярнуць дзяцей, Дэкрэт № 18 прадугледжвае гэта. Так, дзеткі паўгода могуць знаходзіцца ў прытулку, у прыёмных сем’ях. Калі ж таты і мамы адумаюцца і дакажуць гэта сваімі паводзінамі, то яны могуць вярнуць дзяцей у сям’ю. У бягучым годзе, дарэчы, такім чынам зноў з’ядналіся тры сям’і, дзе абстаноўка, здаецца, нармалізавалася. Так хочацца, каб назаўсёды…
– Ёсць такія сем’і, дзе мамы, у мінулым п’яніцы, усё ж сталі на шлях выпраўлення, вярнулі сабе дзяцей і на працягу многіх гадоў жывуць па-чалавечы, – расказвае Любоў Міцкевіч. – Прыемна сустракацца цяпер з гэтымі жанчынамі, якія ўжо і дзетак выгадавалі, і ўнукаў дапамагаюць няньчыць, і парадак падтрымліваюць. Яны зрабілі свой выбар, у іх стымул – дзеці… Шкада толькі, што такіх прыкладаў выпраўлення ў нас нямнога.
Чаму співаюцца жанчыны? Як можа прамяняць дзяцей на горкую тая, хто дала гэтым дзеткам жыццё? Як ведае з практыкі Любоў Міцкевіч, некаторыя прадстаўніцы слабага полу тлумачаць сваё п’янства цяжкім жыццём, маўляў, п’ю з гора, каб забыцца… На маю думку, гэта пазіцыя бяздумнага эгаіста. Ці думае такая маці пра дзяцей? Канешне ж, не. Галоўнае, забыцца ёй, а што будзе з малымі – справа другарадная.
– Вось і нядаўні выпадак, – расказвае Любоў Аляксандраўна. – Жанчына мела мужа, дваіх дзетак, але гэта не перашкаджала ёй злоўжываць. Муж спрабаваў яе выхоўваць, але безвынікова. Бясконцыя высвятленні адносінаў, скандалы… І гэта ўсё – на вачах малых. А затым цярпенне мужа скончылася, і ён пакінуў п’яніцу, сышоўся з іншай жанчынай. Дваіх дзяцей, дарэчы, забраў у новую сям’ю, і малыя называюць мамай чужую жанчыну. А родная працягвае п’янстваваць. Пачнеш з ёй гаворку, а яна ў адказ: стрэс у мяне, дзеці чужую жанчыну мамай завуць… А хто ва ўсім вінаваты? Так і не прызнаецца, што яна. Няўжо не дайшло?
Адпрацаваўшы ў камісіі па справах непаўнагадовых многа гадоў, Любоў Міцкевіч заўважыла і такую трывожную тэндэнцыю: нядобранадзейнасць назіраецца ўжо ў некалькіх пакаленнях. У свой час без меры зазірала ў чарку жанчына, такой жа была і яе дачка, а цяпер вось на пасяджэннях камісіі разглядаецца і ўнучка. Нехта скажа: гены, а іх, як вядома, пальцам не расціснеш. Іншыя тлумаць гэта выпрацоўкай стэаратыпу паводзінаў – дзяўчынка вырасла такой, якой і магла стаць у адпаведных абставінах. Так ці інакш, а менавіта дзеці алкаголікаў, звычайна бываюць у зоне рызыкі, трапляюць у залежнасць ад горкай, здзяйсняюць правапарушэнні, збочваюць на крывую крымінальную сцяжынку. Ды гэта, хутчэй за ўсё, іх бацькоў не хвалюе…
…– Алё, мяне збівае мой непаўнагадовы сын! – язык жанчыны на другім канцы провада заплятаецца. – Мы з сяброўкай толькі піва выпілі, а ён…
Высветлілася, што мама падлетка знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку з малодшым дзіцем. Часу хапае не толькі на хатнія клопаты, але і на частыя сустрэчы з сябрамі. І далёка не за кубкам кавы.
…– Званок у камісію па справах непаўнагадовых. Жанчына пакрыўдзілася – ёй прыгразілі, што забяруць дзяцей, калі не перастане злоўжываць. Вось і вырашыла «адчытацца» па тэлефоне, што выправілася, можа яшчэ трымаць трубку ў руках. Гаварыла, пагражала, пераконвала… А ў трубцы – дзіцячы плач: «Ты ж зноў п’яная!»
…– Халодны пакой, у дрывотні – ні палена, ледзяная печка, брудная падлога, у халадзільніку і шафе – мыш павесілася. Маладая маці з маленькім сынам «адпачывае» на ложку, укрыўшыся коўдрай. Яе не хвалюе, што на дварэ, лічы, зіма, што трэба нечым карміць дзіця. І ўвогуле, складваецца ўражанне, што яе нічога не хвалюе. Акрамя аднаго – дзе знайсці спіртное…
Гэта малюнкі з жыцця. Страшныя малюнкі, бо больш вычурнага, чым маці, якая жадае для сваіх дзяцей зла, не прыдумаць. Бяздумна атручваючы малое яшчэ падчас цяжарнасці, гора-маці працягваюць здзеквацца над самым, здавалася б, родным чалавечкам і пасля. Дык, можа, шанцуе тым немаўляткам, ад каго злоўжываючыя адракліся пры іх нараджэнні?
Праходзячы міма раддома, іншы раз чую, як званочкі апавяшчаюць: на свет прыйшоў новы чалавек. Хто ён? У каго нарадзіўся? Што чакае яго ў будучым?
Ірына БУДЗЬКО







