Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Музеям Ільянскай сярэдняй школы прысвоены статусы «Народных»

У Ільянскай сярэдняй школе імя А.А. Грымаця працуюць два музеі: “Вілейшчына літаратурная” і краязнаўчы музей “Ільянскія далягяды”. Рашэннем калегіі Міністэрства культуры №149 ад 13.12.2010 г. музеям прысвоены статусы “Народных”.

У музеях створаны цікавыя экспазіцыі. Напрыклад, у краязнаўчым музеі яны размешчаны ў шасці раздзелах: “Водгукі ліхалецця”, “Гісторыя Ільі і наваколля”, польскі перыяд, савецкі перыяд, рамёствы, мастацтва і быт, гісторыя Ільянскай школы.

У музеі захоўваецца больш за тысячу экспанатаў. Збор іх увесь час працягваецца. На стэндах прадстаўлены крамянёвыя скрабкі — прылады працы першабытных людзей, каменныя малаткі, ляжаць кавалкі крычнага жалеза, якое выраблялася старажытнымі жалезаробчымі цэнтрамі каля вёсак Бязводнае і Карытніца. Сабраны рэшткі шкляных вырабаў, знойдзеных на тым месцы, дзе знаходзілася ў Ільі шкляная мануфактура (шклогута). Вельмі старажытныя кнігі захоўваюцца пад шклом. А яшчэ ёсць вялікая калекцыя прасаў, рознага посуду, іншых прадметаў сялянскага побыту. Стаяць дзеючыя кросны, арганчык, патэфон, вялізны куфар, які з’ездзіў з Беларусі ў Амерыку і вярнуўся назад. Цікавасць выклікаюць рэшткі рознай зброі, у тым ліку пустое гарматнае ядро з часоў вайны 1812 года. У музеі можна ўбачыць набор гузікаў з адзення напалеонаўскіх салдат, яны знойдзены пры раскопцы кургана каля вёскі Селішча. Кавалак кальчугі, салдацкія кацялкі і фляжкі, сялянскія лапці, верацёны, ступы, бязмены, жорны – шмат усяго сабрана ў музеі, і нават, прадстаўлены клін, без якога ніяк не абыходзіліся ў далёкай старажытнасці людзі, якія яго прыдумалі, і які і цяпер яшчэпрымяняецца чалавекам.

У музеі “Вілейшчына літаратурная” сабраны таксама вельмі багаты матэрыял, якія прадстаўлены ў экспазіцыях:

– “Кожны край мае тых, каго апяваюць”;

– “Тут зямля такая”;

– “Іх памятае Вілейская зямля”;

– “Эстафета ў надзейных руках”.

Дарэчы, як нам вядома, у Беларусі нідзе няма другога такога літаратурнага музея. У Ільянскай сярэдняй школе ён быў створаны ў 1992 годзе па прапанове Уладзіміра Мікалаевіча Весялухі, які працаваў тады інспектарам Вілейскага РАНА.

Настаўніца Шэрая Роза Канстанцінаўна з’яўляецца стваральніцай гэтага музея і яго нязменным кіраўніком.

Краязнаўчы музей “Ільянскія далягляды” створаны ў 1995 годзе. З таго часу пачаўся актыўны збор музейных прадметаў, іх афармленне, стварэнне новых экспазіцый. Многія настаўнікі і вучні імкнуліся прыняць удзел у пачэснай справе. І зараз гэта традыцыя ў нашай школе працягваецца. Дырэктар школы Ігар Аляксандравіч Юшко вельмі клапоціцца аб рабоце музея. І, дзякуючы іменна яго намаганням, нашы школьныя музеі называюцца народнымі.

Цяпер зайсці ў іх светлыя залы вельмі прыемна. Юныя экскурсаводы з ліку вучняў школы з задавальненнем расказваюць наведвальнікам аб музейных экспанатах, адказваюць на розныя пытанні. Па вёсках працягваецца збор музейных прадметаў, іх улік і захоўванне. Да кожнага прадмета зараз рыхтуюцца змястоўныя лаканічныя анатацыі. Працуюць саветы музеяў, напісаны новыя планы. Шматлікія актывісты музеяў спрыяюць плённай працы.

Усё новыя і новыя наведвальнікі прыходзяць у наш музей. А вучні школы імкнуцца зазірнуць сюды штодня. Прыходзяць класамі і паасобку, каб пра ўсё даведацца, да ўсяго дакрануцца. І гэта добра: у музеі ёсць магчымасць кожнаму задаволіць сваю цікаўнасць, актыўнасць і прагу да пазнання. І настаўнікі школы вельмі спадабалі музей, бо тут маецца шмат матэрыялаў для правядзення ўрокаў і выхаваўчых мерапрыемстваў з мэтай фарміравання ў вучняў станоўчых рысаў характару, выхаванне сапраўдных грамадзян і патрыётаў.

Наведваць нашы музеі мы запрашаем навучэнцаў і выкладчыкаў Ільянскага каледжа, а яшчэ абавязкова і гадаванцаў дзіцячага садка.

Сюды можа прыйсці кожны, хто цікавіцца краязнаўствам, гісторыяй роднага краю, літаратурай, хто жыве ў Ільі і ў навакольных вёсках, і тыя, хто прыязджае ў Ілью здалёк.

Дарэчы, пры музеях створаны інфармацыйны цэнтр. Тут распрацоўваюцца і збіраюцца матэрыялы па рознай тэматыцы. Напрыклад, зараз закончана вялікая праца: напісаны “Летапіс Ільі і наваколля”. Працу падрыхтавалі дырэктар школы Юшко Ігар Аляксандравіч і педагог-псіхолаг Сэсарава Алеся Ігараўна.

Народны музей Ільянскай сярэдняй школы імя А.А. Грымаця “Вілейшчына літаратурная” і народны краязнаўчы музей “Ільянскія далягляды” кожны дзень гасцінна сустракаюць сваіх наведвальнікаў, знаёмяць іх з цікавымі экспанатамі, адказваюць на бясконцыя пытанні, сярод якіх самым распаўсюджаным з’яўляецца пытанне: “А што гэта?”. З чаго вынікае адзін вельмі важны вывад: музеі патрэбны будуць заўсёды.

Уладзімір КАЖАМЯКА, краязнаўчага музея “Ільянскія далягляды”

Фото

Фото
Фото

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries