Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Антаніна Гарчакова ў гасцях трэцяй школы

Журналіст – прафесія не толькі, як могуць лічыць многія, творчая. Акрамя гэтага трэба ўмець разбірацца ў многіх момантах жыцця, ведаць адметнасці розных прафесій, мець пэўны жыццёвы вопыт, валодаць трапным позіркам на рэчаіснасць. І шмат чаго іншага… Азы гэтай прафесіі з дапамогай Людмілы Адамовіч спасцігаюць вучні трэцяй гарадской школы на занятках гуртка «Юны карэспандэнт». Вучацца яны і красамоўству, і напісанню артыкулаў, сустракаюцца з цікавымі людзьмі.

Вось і ў гэты раз амаль увесь шосты «А» сабраўся ў сто сёмай школьнай аўдыторыі. «Творчая сустрэча з цікавым чалавекам – Антанінай Іванаўнай Гарчаковай» – так было напісана на дошцы. Людміла Адамовіч, вядучая сустрэчы, пачала сваё выступленне з таго, што прадэманстравала прысутным артыкул са «Шляху перамогі», напісаны ў свой час Антанінай Іванаўнай і прысвечаны дваццаціпяцігоддзю трэцяй школы. Сёлета школа перайшла ўжо саракапяцігадовы рубеж – і сёння Антаніне Гарчаковай, былой яе настаўніцы, а потым – і дырэктару, ёсць пра што ўспомніць. Сваімі ўспамінамі яна дзялілася з вучнямі, а тыя з вялікай увагай слухалі пра тое, як калісьці ў іх школе ў дзве змены навучалася дзве тысячы вучняў. Як прыйшлося рамантаваць школу, пра тое, колькі клопату было пра падлогу, парты, сцены, падстанцыю, якая згарэла… Хутка восем год, як Антаніна Іванаўна на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму яна актыўна ўдзельнічае ў жыцці горада, і ніколі не адмаўляецца падзяліцца сваімі ўспамінамі, тым больш, што ў якасці непаўнагадовага вязня канцлагера і ёй прыйшлося зведаць горкі лёс тых, каго завуць «дзецьмі вайны».
Падчас сустрэчы Антаніна Гарчакова заўважыла, што ёй асабліва прыемна было пачуць запрашэнне на сустрэчу ад былой вучаніцы – Людміла Адамовіч была ў тым класе, вучняў якога і зараз добра памятае былая настаўніца. Найбольш ёй запомнілася тое, як, калі адзначалі дзень Леніна, былы вучань Саша Буткевіч склаў музыку, пад якую пасля ўвесь клас спяваў песню, што склалі самі вучні. Гэта для настаўніцы стала сапраўдным падарункам.
Працягваючы сустрэчу, Людміла Адамовіч зачытала яшчэ адзін артыкул з раёнкі, напісаны калісьці Антанінай Іванаўнай, – пра восень. Восень – любімая пара жанчыны, і не толькі залатая, а ў самых розных яе праявах. Менавіта гэта пара настройвае на лірычны лад, і нараджаюцца вершы… Паэтам сябе Антаніна Гарчакова не лічыць. «Я не паэт, – так сказала яна падчас сустрэчы, – а настаўніца беларускай мовы і літаратуры». Але гэты бок яе асобы нельга было абысці – і па просьбе прысутных яна сама чытала вершы, пасля іх дэкламавалі вучні, якія загадзя падрыхтаваліся да гэтага.
Хоць пра заканчэнне школьнай гадзіны настойліва напомніў званок, а былой настаўніцы былі падараваныя восеньскія кветкі – хрызантэмы – але разыходзіцца не хацелася нікому. Ужо на перапынку вучні шостага «А», іх класны кіраўнік Таццяна Сергіевіч і кіраўнік гуртка Людміла Адамовіч сабраліся, каб разгледзець публікацыі Антаніны Гарчаковай у розных газетах і часопісах. Іх яна скампанавала ў альбом, і ён цяпер – таксама гісторыя: яе – і школы.
Таццяна ШАРШНЁВА
Фота аўтара

SSA50804

SSA50786
SSA50789
SSA50790
SSA50796

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 189 queries