Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ці ўсюды наведзены парадак?

У мінулы чацвер рэйдавая брыгада пад кіраўніцтвам начальніка жыллёва-камунальнага аддзела райвыканкама Аляксандра Корсака, у складзе якой былі памочнік урача-гігіеніста цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Марына Броўка, майстар жыллёва-камунальнай гаспадаркі Святлана Чаўлытка і аўтар гэтых радкоў, у чарговы раз праехала па тэрыторыях устаноў і арганізацый горада, каб паглядзець, ці ўсюды наведзены парадак. Трэба сказаць, што наведаліся туды, дзе неаднаразова пабывалі раней і пакінулі прадпісанні.

Даволі часта рэйдавая выязджала на тэрыторыю МПМК-186 і заўсёды былі заўвагі на неабкошаную сухую траву ля інтэрнатаў арганізацыі, іншыя беспарадкі. На гэты раз абышлося без нараканняў на безгаспадарчасць – сухая расліннасць скошана, на тэрыторыі наведзены парадак.
Добраўпарадкавана і тэрыторыя гаражоў КБА па завулку Берагавым, дзе таксама раней было захламлена.
Але без заўваг падчас рэйду не абышлося. Так, каля дома №83 па вуліцы Вадап’янава, які суседнічае з адміністратыўным будынкам каледжа, быў павалены стары плот. Ляжаў, як адзначалі сведкі, не дзень і не два… Няўжо ніхто не бачыў?
Праязджаючы па вуліцы Гагарына, звярнулі ўвагу на тоўсты дыван з апалай лістоты ля дома №14. Калі ля астатніх дамоў было бачна, што людзі прыбіраліся, то тут, мусіць, ні разу ніхто не выйшаў з граблямі ці венікам. Канешне, цяпер гэта рамантычна і нават прыгожа – жоўта-чырвоная покрыва на зямлі, у якім тонуць ногі. Але ж пройдзе крыху часу, пачнуцца дажджы, ператвараючы ўсю гэту прыгажосць у склізка-небяспечную масу. Ды і аб прыгажосці тады ўжо прыйдзецца забыцца… Таму за граблі, сябры, і за венікі, пакуль надвор’е спрыяе!
Калі ехалі па пасёлку Касманаўтаў, звярнулі ўвагу на кучу лісця ўперамешку са смеццем непадалёк ад дома 12а па вуліцы Валынца.
– Гэта балючая тэма, – зазначыла Марына Броўка. – Як ні змагаемся – нічога не дапамагае. Толькі ўбяруць работнікі камунальнай службы тут хлам – а на другі дзень зноў куча. Хоць і кантэйнеры стаяць непадалёк…
Такія вось «акуратныя» людзі жывуць у гэтай мясцовасці. Няўжо трэба ставіць вартаўніка, які б сачыў за парадкам?
Непрыбраны падворак і нежылы дом №20 па вуліцы Прывакзальнай (тут павыбівана шкло ў вокнах, расчынены дзверы) адразу кідаецца ў вочы, калі бываеш у гэтым раёне. Высвятляецца, што яго гаспадар (па віне якога будынак нават гарэў) цяпер у месцах зняволення, аднак, як расказаў Аляксандр Корсак, звяртаўся ў аддзел райвыканкама з «дробязнай» просьбай: каб выдзелілі яму жыллё, маўляў, у гэтым доме жыць ужо нельга.
– Выйсце простае – вяртайся і паступай са сваім домам як і належыць гаспадару: ці рамантуй і жыві, ці прадавай, – рэзонна зазначае Аляксандр Прохаравіч. – Месца тут добрае, знойдуцца жадаючыя купіць і тут жыць.
Трэба быць гаспадаром – гэта галоўнае, што хацелася б сказаць кожнаму, каму былі адрасаваны ў гэты дзень нейкія заўвагі. Тады і плот не будзе ляжаць на зямлі, і зрабіць звалку смецця рука не падымецца, і апалае лісце прыбярэцца.
Ірына БУДЗЬКО
Фота аўтара

Фото

Фото

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 189 queries