Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Падарункі бываюць розныя…

Пенсіянеркі на лаўцы размаўлялі пра рознае. Як звычайна бывае, пачалі з аднаго («прапясочылі» суседскага хлопца, які не працуе, але невядома за што п’е), «упарадкавалі» ганарлівую маладзіцу (жыве ў пад’ездзе з год, а ні разу не прысела на лавачку, пра сябе нічагуткі не расказала – непарадак!), а затым загаварылі пра дні нараджэння. У некага гэта – падстава для шматдзённых гулянняў. Не шкадуючы дарагой закускі і пітва, адзначаюць людзі даты, а паслухаць – дык усе бедныя, апошнія тысячы лічуць…
– Маладым што – ім толькі б гуляць, – заключыла адна з пенсіянерак. – Было б за што зачапіцца…
– Дык а табе, немаладой, хіба не хочацца, каб цябе павіншавалі? Хіба не зладзіш стол? – дапытвалася другая.
– Павіншуюць – тады і зладжу, – адрэзала жанчына. – А каб загадзя збіраць ды гулянкі рабіць – не…
– Ат, скажы што скупая і ўсё, – ці то жартам,ці то ўсур’ёз разанула субяседніца. – А я дык люблю, каб сабраліся, павіншавалі. Праўда, трантаў усялякіх надарылі – мусіць, не панашу да смерці. Але ж будзе што ўспомніць…
Трэцяя жанчына ў спрэчку не ўступала. Яна, як мне падалося, нават і не слухала: задуменна глядзела некуды ўдаль і чамусьці ўсміхалася.
– Глянь, Пятроўна, на Сямёнаўну, – штурханула адна гаварлівая пенсіянерка другую. – Слухае яна нас і ўсміхаецца хітра. А што ж, гулянак не ладзіць, а пенсію – у панчоху, у панчоху…
– Каму яны патрэбны, тыя гулянкі? – шчыра здзівілася Сямёнаўна. – Няма ў нас такой завядзёнкі. А збяромся з дзецьмі і ўнукамі, дык ласункамі ды смачнымі стравамі абыходзімся…
– А падарункі? – не стрывала Пятроўна.
– Дорым, – кіўнула Сямёнаўна. – Але не хоць што, каб ляжала ды пылілася без патрэбы. Вось і ў мінулы дзень нараджэння мае дзяўчаты згаварыліся ды звазілі мяне на спектакль. Цікава! Жыццё сваё, можна сказаць, пражыла, а не ведала, што ёсць такая прыгажосць. І артыстаў бачыла, лічы, як вас цяпер…
Пенсіянеркі некалькі хвілін маўчалі. Відаць, пераварвалі інфармацыю, у душы смяяліся, магчыма, над дзіўным падарункам. А можа, і зайздросцілі Сямёнаўне. Розныя яны бываюць, падарункі…
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 23 queries