Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Хлебароба зорны час

Аграрная галіна ў Беларусі становіцца адной з важнейшых крыніц папаўнення валютных рэсурсаў краіны, – заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі. Дажынкі кіраўнік дзяржавы назваў «зорным часам» хлебаробаў. А гэта прафесія прыйшла да нас з глыбокай даўніны. І ў людскім уяўленні аб дабрабыце назаўсёды замацаваліся мудрыя выказванні аб тым, што «хлеб – усяму галава», «будзе хлеб – будуць і песні».
Красамоўнай ілюстрацыяй,занатаванай у гэтых устойлівых паняццях народнай мудрасці,стаў маладзечанскі фестываль. Справядлівасці дзеля трэба зазначыць, што напярэдадні свята горад літаральна памяняў сваё аблічча.
І гэта таксама канстатаваў Прэзідэнт. Узведзены цудоўны амфітэатр. Адкрыты спартыўна-забаўляльны комплекс з лядовай пляцоўкай і аквапаркам. Рэканструявана дзіцячая бальніца, у якой можна будзе праводзіць самыя складаныя аперацыі. Горад прырос мікрараёнам Усходні. Тут з’явіліся магазіны і многія іншыя аб’екты інфраструктуры. У наступным годзе адкрыюцца дзіцячы сад і школа. Асаблівасць сёлетніх дажынак, зазначыў Прэзідэнт, – што работы вяліся не толькі ў самім горадзе, але і ў раёне. Сучасныя тэндэнцыі ў архітэктуры пры добраўпарадкаванні населеных пунктаў не парушылі гісторыка-будаўнічую спадчыну. Створана выразнае аблічча рэгіёна і камфортнае асяроддзе для яго жыхароў. «Мы часта гаворым, што харчовая бяспека дзяржавы – гэта краевугольны камень незалежнасці. І падзеі апошняга часу пацвярджаюць гэту ісціну. Харчаванне набывае важнейшы стратэгічны статус, – зазначыў Прэзідэнт. “Скажу прама: вартасць нацыі, самапавага народа, рэальны суверэнітэт немагчымы без самазабеспячэння харчаваннем». Сусветны вопыт сведчыць, – зрабіў выснову беларускі лідар, што высокаразвітая і эфектыўная сельская гаспадарка – прыналежнасць ўсіх перадавых эканомік. У аграрнай сферы краіны дасягнута галоўнае: адраджэнне вёскі, сельскагаспадарчая вытворчасць узнята на новы ўзровень. І цяпер насельніцтва Беларусі ўпэўнена забяспечваецца ўласнай прадукцыяй, пастаянна нарошчваецца экспарт харчавання.
Перад адкрыццём свята Прэзідэнт пазнаёміўся з тым, як падрыхтавалася Маладзечна да дажынак. І выказаў задаволенасць добраўпарадкаваннем і горада, і раёна. Асабліва райцэнтра. Заслухаўшы інфармацыю аб рэканструкцыі малочна-таварных ферм, Прэзідэнт адразу ж унёс карэктывы ў праграму і наведаў гаспадарку «Лебедзева», дзе ўжо практычна завершана будаўніцтва новай фермы. Адначасова вядзецца рэканструкцыя старога жывёлагадоўчага памяшкання. На новым жа будуць укаранёны сучасныя тэхналогіі. Ноу-хау – рабатызаваная сістэма даення кароў.
Пры наведанні горада, Аляксандр Лукашэнка пазнаёміўся з работай спартыўна-забаўляльнага цэнтра, меў размову з яго супрацоўнікамі і юнымі спартсменамі. Ён зазначыў, што цэнтр павінен самаакупляцца. І так павінна быць усюды, дзе людзі ўмеюць працаваць і зарабляць.
Перад пачаткам урачыстасцей у амфітэатры, кіраўнік дзяржавы пасадзіў дрэўца ў парку Перамогі на Алеі гісторыі «Дажынак». Дарэчы, парк у гэты дзень меў велічна-урачысты выгляд, які надаваў яму пеністы вадапад, што струменіў прама са спакойнай гладзі штучнага возера. Дрэвы, ужо кранутыя памазком спакойнай і цёплай восені, падковай абхапілі амфітэатр. Збудаванне,арыгінальнае сваёй архітэктурнай ідэяй і яе ўмелым увасабленнем.
У новым амфітэатры, пад адкрытым небам, сабраліся менавіта тыя, чыёй працай і гарантавана харчовая бяспека краіны. З бачным хваляваннем, уважліва ўспрыймалі працаўнікі вёскі словы беларускага лідара. Сярод іх былі аграномы і інжынеры, камбайнеры і кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, аб’яднаныя сёння адным пачэсным званнем – хлебароб. Да гэтага яны ўдзельнічалі у святочным шэсці, што прайшло на Вялікім Гасцінцы. І стала адным з уражальных відовішчаў свята. У кідкім, прадуманым да дэталей, афармленні калоны не было паўтораў. З любасцю трымалі ў руках дзяўчаты перавітыя стужкамі снапочкі з каласамі новага ўраджаю. А прылады сялянскай працы, якія ўсё больш становяцца архаічнай рэдкасцю і займаюць у музеях пачэснае месца, выклікалі ва ўдзельнікаў і гасцей свята непадробленую цікавасць. Бо менавіта яны – сімвалы нашай спадчыны, якой мы ганарымся, якую захоўваем для нашчадкаў праз атрыбутыку такіх вось незабыўных свят. Механізаваныя касілкі, жняяркі і камбайны прыйшлі на замену сярпам і косам. Зусім іншыя вынікі хлебаробскага старання. Але вечныя тыя карані, на якіх прарастае хлеб, якія ёсць пачатак, працяг і будучае нашай зямлі. Дзяржава падтрымлівае беларускае сялянства ва ўсіх яго добрых пачынаннях. Будзе падтрымліваць і надалей. Але, па словах Прэзідэнта, характар дапамогі будзе іншы. І прынцыповае яе адрозненне ў тым, што стаўка робіцца на самафінансаванне галіны, а не дзяржаўныя датацыі аграпрамысловаму комплексу. «Так, дзяржпадтрымка сялу будзе. Але ў меншых памерах, і з улікам сусветнага вопыту стане больш мэтанакіраванай». Менавіта на важныя праграмы дзяржава будзе мэтавым парадкам накіроўваць рэсурсы. Але гаспадаркі павінны мець уласныя фінансы для будучай дзейнасці, – зазначыў Прэзідэнт. Згодна яго слоў, невыпадкова асноўнай ацэнкай работы сельскай гаспадаркі ў новай Дзяржаўнай праграме ўстойлівага развіцця вёскі, разлічанай на 2010-2015 гады, вызначана рэнтабельнасць продажаў на ўзроўні 10-11 працэнтаў. Акрэсліваючы прыярытэты ў выніках сельскагаспадарчага году, Прэзідэнт заўважыў, што найбольш высокага ўзроўню эфектыўнасці сельгасвытворчасці за апошнія тры гады дасягнула Магілёўшчына. І павіншаваў старшыню Магілёўскага аблвыканкама Пятра Рудніка і хлебаробаў з такім важкім дасягненнем і працоўнай перамогай.
Самы высокі ў вобласці ўраджай збажыны сабралі працаўнікі Міншчыны, якім сёлета выпаў гонар быць гаспадарамі рэспубліканскіх дажынак. Другая па намалоту – Гродзеншчына. Віцебская вобласць дала найвышэйшую прыбаўку да ўраджайнасці, у параўнанні з мінулым годам. Ніводзін рэгіён не абышоў увагаю беларускі лідар, адзначыўшы станоўчыя вынікі ў рабоце кожнага з іх. Пасля яго выступлення адбылося ўшанаванне пераможцаў, тых, хто сваёй самаадданай працаю заслужыў права быць першымі. Сярод іх – і прадстаўнік Вілейшчыны Віктар Драчылоўскі, галоўны аграном адкрытага акцыянернага таварыства «Нарачанскія зоры». Ганаровы дыплом з рук Прэзідэнта і прэмія ў пяць мільёнаў рублёў – такая высокая і заслужаная адзнака яго ўмелага і эфектыўнага гаспадарання на зямлі.
Сведкі, якім давялося пабываць на дажынках мінулых год, адзначаюць маштабнасць маладзечанскага фестывалю. Цэнтральную плошчу, прылягаючыя вуліцы займалі выставы па прэзентацыі і продажу прадукцыі сельгасвытворцаў і перапрацоўшчыкаў, спажывецкіх таварыстваў, народных умельцаў. Не без гонару за землякоў, зазначу, што дастойна прадставіла сябе на фестывалі і наша Вілейшчына. Вырабы раённага дома рамёстваў, Талуцкага дома майстроў, даўгінаўскіх вышывальшчыц прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў сваёй арыгінальнасцю і самабытнасцю. Шмат знайшлося ахвочых да дэгустацыі вілейскай медавухі і хатніх каўбас.
Гучалі восем канцэртных пляцовак. У першы і два наступныя дні дажынак гуло Маладзечна, выплёскваючы на волю адпаведны настрой і нястрымную радасць жыцця.
Пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы ўраджаю (другія і трэція месцы) былі ўшанаваны на другі дзень дажынак. На цырымоніі прэміяй за другое месца па корманарыхтоўках адзначаны кіраўнік акцыянернага таварыства «Нарачанскія зоры» Генадзь Кучко.
Сімвал фестывалю – сноп і эмблема свята – перададзены Магілёўшчыне. Менавіта там, у Горках, адбудуцца «Дажынкі-2012». Бывай, рэспубліканскі фестываль! І да наступнай сустрэчы.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара

"Дажынкі-2011"

"Дажынкі-2011"

"Дажынкі-2011"
"Дажынкі-2011"
"Дажынкі-2011"
"Дажынкі-2011"
"Дажынкі-2011"
"Дажынкі-2011"
"Дажынкі-2011"
"Дажынкі-2011"
"Дажынкі-2011"
"Дажынкі-2011"

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 189 queries