Багатая спадчына беларусаў на традыцыі. Народжаныя ў глыбіні стагоддзяў, яны – адметныя і непаўторныя. Такія ж, як і звычай святкавання дажынак. Свята хлебаробаў – таксама старажытная традыцыя, а тое, як штогод яно праходзіць, надае гэтай спрадвечнай дзеі рысы сучаснасці, дадаючы яе ў шэраг агульнанацыянальных. І сродкі, што выдаткоўваюцца штогод на тое, каб дажынкі прайшлі на адпаведным узроўні, кожны горад, які становіцца цэнтрам рэспубліканскага свята, пераўтвараюць у непаўторны куток нашай прывабнай зямлі. Надаючы чарговай іх сталіцы дастойнае аздабленне.
У гэтым годзе рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла «Дажынкі-2011» сустракае Маладзечна. Менавіта тут ушануюць пераможцаў на ўборцы збожжавых і збожжабабовых культур, нарыхтоўцы кармоў. Сярод іх будуць і прадстаўнікі Вілейшчыны. На трасах усёй Мінскай вобласці размешчаны арыгінальныя ўказальнікі – буслы, што ў сваіх дзюбах трымаюць дажыначныя снапы. Свята, яно зойме тры дні, абяцае быць непаўторным. Кожны яго момант будзе насычаны падзеямі. У першы дзень адбудзецца шэсце «Шлях да хлеба». На васьмі сцэнічных пляцоўках горада разгорнецца прэзентацыя канцэртных праграм аматарскіх калектываў Міншчыны «Песня і праца рады спаткацца». У Парку культуры і адпачынку імя Перамогі для ўсіх гасцей адкрыецца «Рамесная слабада Міншчыны». Канцэртную прэм’еру «Ноч класічнай музыкі» ў Палацы культуры прадставіць Маладзечанскае музычнае вучылішча. А абласны краязнаўчы музей гасцям сёлетняй сталіцы «Дажынак-2011» прапануе наведаць пастаянную экспазіцыю «Гісторыя і культура Міншчыны ад старажытных часоў да пачатку ХХ стагоддзя». «Рэха вялікага свята» – так арганізатары назвалі апошні, трэці дзень, калі сваім майстэрствам гасцей парадуюць аматарскія калектывы Маладзечанскага раёна.
Шмат чаго прапануе Маладзечна сваім гасцям, але няма сэнсу ўсё пералічваць – лепш, як кажуць,адзін раз убачыць на свае вочы, чым сто разоў пачуць.
І хоць эпіцэнтр падрыхтоўкі да дажынак знаходзіўся ў Маладзечне, не засталася ў баку і Вілейка. Шмат было работы, што патрабавала пэўных намаганняў, вынік якіх бачны не адразу. Добраўпарадкаванне дарог, тэрыторый вакол жылых дамоў, месцаў масавага адпачынку і шмат чаго іншага, што бачыш з дня ў дзень і нават не звяртаеш на гэта ўвагі. А звыклы парадак – гэта праца дбайных людскіх рук, якая звычайна застаецца па-за кадрам. Так, вілейскія хлопцы і дзяўчаты, члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, працавалі на добраўпарадкаванні тэрыторыі каля новабудоўляў, разраўноўвалі грунт, прыбіралі тэрыторыю гарадскога парку. А свежазаасфальтаваныя вуліцы Чарняхоўскага і Віленская – цалкам праца рук рабочых ДРСУ-162. ДСУ-13 дапамагло з асфальтам. Без справы не засталіся і арганізацыі Вілейкі – ПМК-88, ПМК-195, ПМК-186 і ПМК-185, прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Мэбля для лядовага Палаца, пра што ўжо расказвала наша газета, – вытворчасці вілейскіх мэбельшчыкаў, як і некаторыя дэталі інтэр’еру гасцініцы «Маладзечна». Сама ж Вілейка гасцінна прыме некаторых гасцей свята. У абноўленай пасля рэканструкцыі гасцініцы «Вілія» размесціцца дэлегацыя з Віцебску.
Нямала прыкладзена намаганняў. Але менавіта такім павінна быць ушанаванне тых, хто працуе на зямлі, хто аддае ёй свой адпачынак і сон, каб забяспечыць краіну (і не толькі сваю) хлебам новага ўраджаю.
Таццяна ШАРШНЁВА
Фота аўтара









