Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Прырода і людзі – галоўныя героі на карцінах юнай мастачкі Марыі Арлоўскай

Чарговую выставу на днях арганізавала ўзорная мастацкая студыя «Вясёлка» гімназіі №1 «Логас». У гэты раз сваю творчую скарбонку педагогам, родным і сябрам прэзентавала дзевяцікласніца Марыя Арлоўская, у якой на нашу рэчаіснасць свой, адметны, погляд.

Чаму выстава мае назву «Высакосны год»?

На гэта пытанне Марыя адказала так. Многія людзі ў такі год стараюцца не пачынаць нічога новага, мяркуючы, што нічога плённага з гэтага не атрымаецца. Яна ж сур’ёзна пачала займацца мастацтвам менавіта ў такі перыяд.

З канца 2020-га года наведвае студыю «Вясёлка», дзе пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў Эдуарда Уладзіміравіча і Алены Іванаўны Мацюшонак хутка раскрыла ўсе свае здольнасці і патэнцыял. Работы Марыі Арлоўскай прывабліваюць колерам акварэлі – юная мастачка прызнаецца, што яркія фарбы любіць і, каб яны маглі быць яшчэ больш насычанымі, яна б выкарыстала гэта на ўсе сто працэнтаў.

Пастэльныя адценні характэрныя для першых работ Марыі, у пазнейшых колеры становяцца ярчэйшымі, а рука – больш упэўненай. Познія работы адрознівае і ўвага мастачкі да дэталяў – іх становіцца больш, яны перададзены дакладна і іх цікава разглядаць.

Праз усе работы адчуваецца, што іх аўтар – асоба гарманічная, якая ведае кошт кожнага моманту, адчувае хуткаплыннасць жыцця, асцерагаецца пакрыўдзіць некага неасцярожным словам, умее бачыць і адчуваць прыроду, яе хараство і прыгажосць людзей, сярод якіх жыве. Прырода і людзі – галоўныя героі на карцінах мастачкі, дзе ўнутраны свет і свет знешні сябруюць.

Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 30 queries