У горадзе ёсць установа, знаёмая амаль усім жыхарам. Гэта паліклініка. Людзі рознага ўзросту спяшаюцца сюды, калі «барахліць» здароўе. Хтосьці часцей звяртаецца да ўрачоў, хтосьці – радзей, але ўсе мы хочам падтрымаць сваё здароўе. Некаторым знаёмы не толькі ўрачэбныя кабінеты паліклінікі, а і своеасаблівы кабінет – зала лячэбнай фізкультуры.
У сярэдзіне верасня сюды прыйшла група пенсіянераў горада. Кіраўнікі клуба «Залаты ўзрост», які працуе пры Вілейскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва паклапаціліся аб арганізацыі заняткаў па лячэбнай фізкультуры для пенсіянераў. Гэта Аўсянік Марына Аляксандраўна і Радзевіч Вольга Аляксандраўна. Іх ініцыятыву зразумела і падтрымала загадчыца паліклінікі Рамэра Таццяна Аляксандраўна. Такім чынам і пачаліся заняткі па лячэбнай фізкультуры для нас, людзей сталага ўзросту.
Інструктарамі тут працуюць Буйноўская Алёна Вітальеўна і Каркотка Наталля Ігараўна. Гэта маладыя дзяўчаты, вельмі старанныя ў працы, ветлівыя, уважлівыя, так і хочацца іх назваць сёстрамі міласэрнасці.
Улічваючы ўзрост і нашы захворванні (у асноўным сардэчна-сасудзістага накірунку), яны праводзяць з намі заняткі тры разы ў тыдзень. Мы выконваем практыкаванні комплексу агульнаразвіваючай лячэбнай гімнастыкі. Ведаючы іх, дома маем магчымасць замацаваць.
Першы раз прыйшоўшы ў залу, мы звярнулі ўвагу на трэнажоры. Некаторыя з іх мы ўжо асвоілі, хаця па стану здароўя не на ўсіх трэнажорах нам можна займацца. Падабаецца нам велатрэнажор, прыстасаванне для масажу ног «Калібры», гімнастычны каток «Калёсіка».
Трэба адзначыць, што работы ў інструктараў хапае. З раніцы гэтых прыемных дзяўчат чакаюць хворыя хірургічнага, неўралагічнага, траўматалагічнага і іншых аддзяленняў бальніцы. У залу лячэбнай фізкультуры да іх ідуць і ідуць за дапамогай і дарослыя, і дзеці. Разам з тым тут знайшлося месца і для нас.
Вядома, арганізацыя работы залы лячэбнай фізкультуры – справа патрэбная і ўдзячная. Тыя, хто тут бывае, адчуваюць станоўчы ўплыў на сваім здароўі ад заняткаў. І мы, пенсіянеры, вельмі ўдзячны сваім кіраўнікам клуба «Залаты ўзрост», кіраўніцтву паліклінікі і , безумоўна, інструктарам па лячэбнай фізкультуры за заняткі з намі.
Галіна КАПЦЮГ
Пенсіянеры горада займаюцца лячэбнай фізкультурай у паліклініцы
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов