Вілейскаму РЭС – 80 гадоў! Сёлетні год для калектыву Вілейскага раёна электрычных сетак значымы ўдвая. Па-першае, Маладзечанскія электрычныя сеткі, структурным падраздзяленнем якога разам з «міні-ТЭЦ» з’яўляецца і «Вілейскі РЭС», адзначаюць свой 60-гадовы юбілей. Ён звязаны з пускам у 1949 годзе Маладзечанскай гарадской электрастанцыі. Па-другое, сам раён электрычных сетак мае дачыненне да яшчэ больш значнага юбілею – 80-годдзя з дня пуска ў Вілейцы дзяржаўнай электрастанцыі. 22 снежня энергетыкі сустракаюць сваё прафесійнае свята. Напярэдадні даты мы сустрэліся з начальнікам Вілейскага раёна электрычных сетак Анатолем Рогачам, каб пагутарыць, як усё пачыналася, развівалася і чым сёння жывуць нашы «энергетычныя» людзі.
– Анатоль Валянцінавіч, у тым, што вы, як краязнаўца ведаеце шмат чаго пра гісторыю Вілейшчыны, сумнявацца не прыходзіцца. Кожны год вы знаходзіце новыя даты розных падзей, вышукваеце жыццёвыя шляхі нашых славутых землякоў. Пра свой раён электрычных сетак ведаеце ўсё?
– Усяго ведаць немагчыма, а пэўныя цікавыя моманты з нашай гісторыі ёсць. Напрыклад, дзяржаўную электрастанцыю ў Вілейцы запусцілі 1 красавіка 1929 года, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польскай дзяржавы. Аб’ект быў магутнасцю ў 32 кВт і ён знаходзіўся на так званай Салдацкай Слабадзе. Цяпер гэта сквер на перакрыжаванні чатырох вуліц насупраць хлебазавода. Раней там сяліліся інваліды розных войн, адсюль і назва.
– Колькі каштавала электрастанцыя?
– Па часоваму каштарысу планавалася выдаткаваць 120 тысяч злотых, але ў ходзе будаўніцтва, з-за расшырэння электрычнай сеткі расходы пераўзышлі 200 тысяч. Павятовы сеймік браў крэдыты ў нацыянальным Гаспадарчым банку, мясцовых крэдытных арганізацыях і прыватных асоб.
– І горад пачаў асвятляцца?
– Спачатку вуліцы асвятляліся 70 ліхтарамі. Лямпачкі былі па 200 Ват кожная, а ў кватэрах і памяшканнях планавалася падключэнне 800 лямпачак па 25 Ват.
– А ці дарагой была электрычнасць?
– Давайце палічым: у сярэднім тарыф дасягаў 1 злотага за 1 кВт/гадзіну. А за сваю працу ў пана ці заможнага селяніна бядняк атрымліваў 1,5-2 злотых у дзень. Кілаграм сітнага хлеба каштаваў 0,37 злотых, алей – 3,4, а літр газы – 0,35. Таму насельніцтва вельмі ашчадна ставілася да рацыянальнага выкарыстання электраэнергіі.
– Вы казалі пра магутнасць электрастанцыі ў 32 кВт. У Вілейцы ў той час пражывалі 4 тысячы чалавек. Свету хапала ўсім?
– У той час хапала. А сёння гэтых кілаватаў, магчыма, не хопіць і на 10 аднакватэрных дамоў. Дарэчы, у тым жа 1929 годзе пачалася электрыфікацыя грамадскіх будынкаў горада. На правядзенне электрычнасці ў павятовую ўправу было адпушчана 500 злотых, а ў дом сацыяльнага прытулку – 600. Праз шэсць гадоў, для больш надзейнага электразабеспячэння Маладзечна і Вілейкі, паміж гарадамі пабудавалі паветраную лінію ў 6 кВт. Гэта дазволіла ў нашым горадзе электрыфікаваць чыгуначную станцыю, а ў крытычныя моманты пераразмеркаваць энергію ў патрэбныя месцы.
– Гэта ўсё было пры Польшчы, а як усё сталася ў 1939 годзе, калі ўлада змянілася?
– 4 снежня 1939 года Вілейка стала абласным цэнтрам і, сапраўды, шмат чаго змянілася. Сталі прыбываць працаўнікі савецкіх і партыйных органаў – гэта, не менш 1,5 тысячы чалавек. І электрастанцыя ўжо не магла поўнасцю забяспечыць усіх спажыўцоў электраэнергіяй. У Маладзечна вагоны пачалі перакатаваць механічным спосабам і адтуль Вілейка не атрымлівала ніводнага кілаВата. Увечары новаўтвораны абласны цэнтр агортваўся суцэльным змрокам. Але 4 красавіка наступнага года было прынята рашэнне аб будаўніцтве новай, побач з ужо існуючай, электрастанцыі магутнасцю 75 кВт. Увесь 1940 год быў вельмі цяжкім для энергетыкаў – магутнасцяў не хапала катастрафічна!
– І хутка пачалася Вялікая Айчыннай вайна…
– Немцы знішчылі электрастанцыю, а адразу пасля вызвалення горада была пабудавана новая. Яна знаходзілася на беразе Віліі, на вуліцы Дзяржынскага, дзе сёння месціцца ветэрынарная аптэка. У пасляваенны час магутнасць электрастанцыі складала ўжо 199 кВт. У 1960 годзе ў Вілейцы была ўведзена ў энергасістэму ПС-110/35/10 кВт і якасць і надзейнасць энергазабеспячэння стала значна лепшай. Пачалі падключаць першыя аб’екты сельскай гаспадаркі, поўная электрыфікацыя якой скончылася ў 1967 годзе.
– А калі РЭС пераехаў у будынак па вуліцы Валынца, 1?
– У 1973 годзе. А энергетычнае «сэрца» Вілейшчыны, падстанцыя знаходзіцца на вуліцы 1 Мая. Дарэчы, у 1981 годзе Вілейскі РЭС адным з першых у энергасістэме перайшоў на новую, брыгадную форму, арганізацыі работ па метаду «Кастрамаэнерга».
– Анатоль Валянцінавіч, вы кіруеце раёнам электрычных сетак больш за дваццаць гадоў…
– Дваццаць адзін. 6 красавіка 1989 года агульным сходам калектыву РЭСа быў абраны, як і Міхаіл Мікалаевіч Жаўняровіч, якога выбралі намеснікам, галоўным інжынерам.
– І за гэты час у вілейскай энергетыцы зроблена шмат.
– Практычна кожны год мы аднаўлялі паветраныя лініі на 30-40 кіламетраў, а за апошнія два гады – увогуле на ўсе 60. У гэтым годзе выкананы вялікі аб’ём работ па аднаўленню сетак. Поўнасцю зроблена гэта ў Ерхах, Елажычах, Дубішчы, Канстамполлі, Касуце, Шыпках і іншых. Мы пабудавалі новыя ЛЭП: ва ўрочышчы Дубаўка, Ніжнім парку, у мікрараёнах «Паўночны-3» і вёсках Снежкава і Бутрымава. Сёння мы працягваем гэтыя работы ў Вязыні, Сцешыцах і Селішчы. Чатыры разы нашы работнікі былі пераможцамі і прызёрамі ў абласных спаборніцтвах на лепшую брыгаду, а ў 2002 і 2007 гадах займалі другія месцы ў рэспубліканскіх спаборніцтвах.
– Можаце выдзеліць лепшых работнікаў вашай арганізацыі?
– Ведаеце, гэта вельмі цяжка. Вылучаць лепшых… У нас працуюць вельмі добрыя і шчырыя людзі, як тут будзеш дзяліць, хто лепшы больш, а хто менш. Яны ўсе дастойныя добрых словаў.
– Каля будынку РЭСа па вуліцы Валынца вельмі шмат камянёў. Ведаю пра вашу зацікаўленасць да гісторыі роднага краю і адчуваю, што кожны з аб’ектаў нясе пэўны гістарычны адбітак?
– Так, гэта наш музейны куток, дзе ёсць памятныя знакі, гістарычныя валуны, культавыя камяні, старажытны каменны крыж, помнік Юзафу Пілсудскаму. Наш РЭС стаіць на вуліцы Андрэя Валынца, Героя Савецкага Саюза, а яго ўнук Андрэй Уласенка ўзначальвае службу надзейнасці і аховы працы прадпрыемства.
– Што вы хочаце сказаць сваім людзям напярэдадні прафесійнага свята, чаго пажадаць?
– Здароўя, каб жылі доўга. Каб дома быў дабрабыт і ўтульнасць. Каб на працы ўсё складвалася. Увогуле, хочацца пажадаць плёну і энергіі. Энергіі жыццёвай, бо нашы людзі, працуючы, каб у спажыўцоў была электрычнасць, укладаюць часцінку сваёй душы.
Гутарыў Анатоль ЗАНКАВІЧ,
фота аўтара
Жыццёвая энергія
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ







