Склалася ўражанне, што адна з галоўных праблем у нас на сённяшні дзень – недастатковае асвятленне вуліц. Вельмі часта ў апошні час нашы чытачы наракаюць менавіта на гэта. Газета ўжо не раз звярталася да праблемы, а новыя сігналы і прапановы наконт асвятлення населеных пунктаў зноў ёсць. Таму і пачнём з гэтага.
ПРАПАНОЎВАЕМ
Віляйчанка Кацярына Паўлаўна Мілюк закранула пытанне добраўпарадкавання Снежкава.
– Часта бываю тут, – паведаміла жанчына, – таму магу ўнесці прапановы, якія хвалююць і мясцовых жыхароў, і людзей прыезджых. Па-першае, дрэнна асветлены ўезд у Снежкава на павароце з гасцінца. Каб не асвятленне на людскіх падворках, дык не ведаю, як і было б. А яшчэ, думаецца мне, не лішнім было б абсталяваць хоць просценькі прыпынак у Снежкаве, калі ехаць на Куранец.
У рэдакцыю патэлефанавалі з Вязыні і ўсё пра тое ж – пра асвятленне вуліц і, у прыватнасці, Заводскай. Цемра тут, паведаміла жанчына на другім канцы провада, а непадалёк – аўтобусны прыпынак. Хоць бы, прапанавала яна, яго асвятліць, а то і старым, і малым даводзіцца чакаць транспарту ў цемры.
ДЗЯКУЕМ
А наступны званок з Вязыні быў вельмі прыемным: пенсіянерка Любоў Андрэеўна Іваноўская прасіла падзякаваць праз газету свайму сацыяльнаму работніку Ніне Васільеўне Лемешавай.
– Два гады абслугоўвае мяне гэта жанчына, – расказала Любоў Андрэеўна. – Увогуле яна павінна прыходзіць да мяне два разы на тыдзень, але ж атрымліваецца і часцей. Усё ў хаце дапаможа, купіць патрэбнае і прынесці – таксама яе справа. Добрая жанчына, сардэчная. Хачу падзякаваць Ніне Васільеўне за яе чуласць і павіншаваць яе з Новым годам і Калядамі.
На днях у рэдакцыю прыйшоў ліст за подпісам Людмілы Святоха, старшыні Вілейскай пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам». «Стала добрай традыцыяй, – напісана ў лісце, – у першую суботу снежня членам нашай арганізацыі бываць на свяце ў трэцяй гарадской школе. Мерапрыемства гэта прымеркавана да Дня інвалідаў. Так ужо склалася, што на працягу ўсяго існавання нашага аб’яднання заўсёды побач з намі раённае аддзяленне Дзіцячага фонда, старшынёй якога з’яўляецца дырэктар трэцяй школы Мікалай Мікалаевіч Гіро. Вось і ў гэты раз у школе сіламі вучняў і намесніка дырэктара Іны Віктараўны Крышкоўскай для нас была падрыхтавана цікавая канцэртная праграма. Да школьных артыстаў далучыліся і нашы дзяўчынкі, Наташа і Насця, якія пад апладысменты спявалі. Дарэчы, на працягу лістапада наша аб’яднанне старанна рыхтавалася да фестывалю творчасці, які прайшоў у Палацы культуры. Хочацца падзякаваць за дапамогу ў гэтай падрыхтоўцы дырэктару КУП «Вілейскі РКБА» Аляксандры Генадзьеўне Салавай і ўсім жанчынам гэтага калектыву за такія прыгожыя танцавальныя касцюмы для нас. Мы шчыра ўдзячны за велізарную дапамогу, спагаду і чуласць Мікалаю Мікалаевічу Гіро, Іне Віктараўне Крышкоўскай, калектыву ДУ «ВТЦСАН», індывідуальнаму прадпрымальніку С.В.Вазняк».
ВЫБІРАЕМ
Ад імя пенсіянераў вёскі Кульшыно нам патэлефанавала Алімпіяда Аляксандраўна Рогач. Аптымістка, чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, яна навучылася дастойна пераадольваць усе складанасці, што выпадалі ёй у жыцці, і не губляць пры гэтым дабрыні і спагады. Да таго ж і Алімпіяда Аляксандраўна, і яе аднавяскоўцы з цікавасцю сочаць за конкурсам «Чалавек года», што традыцыйна праводзіцца ў канцы снежня. У пенсіянераў Кульшыно ёсць свая кандыдатура на гэта званне.
– Мы ўсе, а гэта чалавек з паўсотні, прапаноўваем выбраць чалавекам года загадчыка аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Васіля Васільевіча Каніўца, – выказала агульную думку жанчына. – У любое надвор’е, па першым жа выкліку спяшаецца нам на дапамогу ці сам Васіль Васільевіч, ці яго падначаленыя. Усе – прафесіяналы сваёй справы, а яшчэ – чулыя, спагадлівыя людзі, што надзвычайна важна. У Васіля Васільевіча заўсёды знойдуцца цёплыя словы, каб падтрымаць, супакоіць чалавека. І неяк цёпла на сэрцы становіцца пасля сустрэчы з гэтым цудоўным урачом.
Ва ўнісон гэтым шчырым словам – і выказванне жыхаркі Порсы Алены Сідароўны Лаўрыновіч.
– Васіль Канівец – не проста чалавек, які жыве недалёка і лічыцца лепшым гаспадаром у Порсе. Ён – прафесіянал, які літаральна вырываў людзей з лап смерці. Ён выратаваў і майго мужа. Ды і я пастаянна звяртаюся за дапамогай да гэтага доктара з залатой душой. Менавіта ён для нас – чалавек года.
Заўсёды радасна чытаць падобныя лісты. Як, урэшце, і іншыя, у якіх вамі падымаюцца нейкія праблемы. Галоўнае, што мы з вамі разам стараемся іх вырашыць. А разам яно прасцей. Прапаноўвайце, дзяліцеся ўражаннямі, задавайце пытанні – мы рады такому супрацоўніцтву.
Ірына БУДЗЬКО







