Скажыце, ці шмат ведаеце вы такіх людзей, чый стаж працы на адным месцы роўны дваццаці дзевяці гадам? Лілія Сямёнаўна Бяроза з такіх. На працу ў Вілейскае раённае вытворчае аб’яднанне па вытворча-тэхнічным забеспячэнні сельскай гаспадаркі, якое пазней адышло да райаграсэрвісу, яна прыйшла 18 кастрычніка 1982 года. Пачынала кладаўшчыком гандлёвай базы, пазней яна стала называцца базай па забеспячэнні і захаванні пестыцыдаў і мінеральных ўгнаенняў. Лілія Сямёнаўна працавала на розных пасадах – ад загадчыка складам да загадчыка гаспадаркай. А з 1 ліпеня 2003 года пераведзена аператарам па апрацоўцы пярвічнай уліковай інфармацыі ў аддзел уліку і справаздачнасці. Увесь час, як расказала начальнік аддзела кадраў ААТ “Райаграсэрвіс” Любоў Барташэвіч, Лілія Бяроза знаходзіцца на хімбазе. На месцы і зручней, і хутчэй працаваць, бо апрацоўка накладных і шэрагу іншых дакументаў патрабуе аператыўнасці. Вагоны прыходзяць не толькі ў будзень, але і ў выхадныя, часам позна. Але ніколі яна не адмовіцца, спакойна выконвае свае абавязкі. Працаўніца, не “бягун” (калі казаць пра тое, колькі яна працуе ў адной і той жа арганізацыі), адказны, безадмоўны і прыветны чалавек – няпоўны пералік характарыстык, якія пачула ў адносінах да гэтай жанчыны. Любоў Іванаўна запэўніла, што на сто працэнтаў упэўнена ў Ліліі Бярозе, у тым, што ўсе пытанні можна вырашыць з ёю па тэлефоне, без канфліктаў, карэктна. Да людзей добра ставіцца, можа замовіць слоўца за кагосьці, тактычная – не толькі яна можа сказаць так пра Сямёнаўну, як звычайна называюць жанчыну тыя, хто працуе побач.
Той, хто заслугоўвае ўвагі, не прывык сябе выстаўляць. Не адразу згадзілася і Лілія Сямёнаўна сфатаграфавацца для раёнкі і горача адмаўлялася ад перспектывы ўбачыць сябе на яе старонках. Затое нашы чытачы цяпер могуць бачыць, якая яна, гэта сціплая працаўніца, што кожны дзень выконвае сваю непрыкметную, але вельмі важную і неабходную справу.
Таццяна ШАРШНЁВА
Фота аўтара
Не “бягун”, а чалавек на сваім месцы
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов



