10 верасня Цэнтральную плошчу і прымыкаючыя да яе вуліцы нашага горада напаўняла музыка: удзельнікі народнага ансамблю “Весялінка” і салісты ўзорнай эстраднай студыі “Экспромт” пелі і гралі на народных інструментах. Гэтым выступленнем калектывы Вілейскага Палаца культуры падтрымалі міжнародны музычны праект “Дзень вулічнай музыкі”.
У гэты дзень праект упершыню стартаваў у беларускай сталіцы – Мінску, дзе адбыўся Дзень горада. Але яго асноўная ідэя заключаецца ў тым, што свята вулічнай музыкі не абмяжоўваецца рамкамі толькі аднаго горада, а хутка становіцца папулярным і запатрабаваным. З 2007 года “Дзень вулічнай музыкі” адбываецца ў Літве, там ён стаў ужо традыцыйным. Музычны праект аб’ядноўвае прафесійных музыкантаў і аматараў музыкі ўсяго свету, бо мэта яго, па словах стваральніка і арганізатара Андрюса Мамонтоваса, літоўскага артыста і рок-музыканта, у тым, каб усе музыканты міра выйшлі ў адзін дзень на вуліцу і зайгралі. “Тады свет, безумоўна, палепшыцца. Там, дзе гучыць музыка, няма месца для злобы, нянавісці і агрэсіі.”
І ў прыгожы восеньскі дзень віляйчане ў гэтым упэўніліся самі. Сапраўды, музыканты, якія граюць на вуліцы, ствараюць своеасаблівую добрую атмасферу. Можна праходзіць міма і адчуваць, як узнімаецца настрой, становіцца больш пазітыўнай энэргіі. У такі момант можна проста не пазнаць свой горад, а ад звыклых вуліц атрымаць зусім іншыя эмоцыі. Бо гукі музыкі ператвараюць іх у нешта незвычайнае.
Усе наведвальнікі восенькага кірмашу і выпадковыя прахожыя атрымалі станоўчыя эмоцыі і добры настрой. Дарэчы канцэрт прыйшоўся і для маладых і іх гасцей, якія пад’ехалі да плошчы, каб зрабіць памятныя фотаздымкі. На жаль, фантан, які ўпрыгожвае Цэнтральную плошчу, не працаваў. Але расчараванне маладых і гасцей вяселля цалкам кампенсіравалі добрыя словы і пажаданні вядучай Алены Саўрук і музыкальныя падарункі юных салістаў узорнай эстраднай студыі “Экспромт” Паліны Вазняк, Ангеліны і Леры Талстыка, Вікторыі Місюль, Аляксандры Корсак, Веранікі Бутэр, Вары Дударчык, Лізы Макарэвіч, Ксеніі Семяновіч, Яны Дзяржавец і Віталя Рогача.
Вольга Шляпо,
дырэктар Вілейскага Палаца культуры







