Што датычыць раёна, то штогод на ўрачыстасці, прымеркаванай да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, «Нарачанскія зоры» і працаўнікі гаспадаркі называюцца ў ліку лідараў. Не стаў выключэннем і гэты год.
Ганаровымі ўзнагародамі ацэнена дзейнасць кіраўніцтва гаспадаркі. Так, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства Генадзь Кучко ўдастоены Падзякі Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, галоўны аграном Віктар Драчылоўскі – Ганаровай граматы Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, а галоўны бухгалтар Леакадзія Давідовіч атрымала нагрудны знак Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання «За заслугі ў сельскай гаспадарцы». Тры дастойныя чалавекі, тры лёсы, тры прыклады шматгадовай працы ў сельскай гаспадарцы і бязмежнай адданасці сваёй справе…
Ужо ў далёкім 1988-ым Генадзь Кучко ўзначаліў гэту гаспадарку, якая на той час была калгасам «XXI з’езд КПСС». За гады яго кіраўніцтва ён ператварыўся ў флагман аграрнага сектара Вілейшчыны, дэманструючы высокія паказчыкі ў працы. Працавітых і добрасумленных працаўнікоў у «…зорах» цэняць – тут ствараюцца ім дастойныя ўмовы працы, якая гэтак жа дастойна аплачваецца. Многае робіцца і для таго, каб жыццё сяльчан было камфортным. Урэшце, зараз яно ў той жа Нарачы нічым не адрозніваецца ад гарадскога. Ва ўсім гэтым, адзначаюць працаўнікі адкрытага акцыянернага таварыства, – вялікая заслуга Генадзя Кучко.
За час працы ў «Нарачанскіх зорах» Генадзь Мечыслававіч узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», ордэнам Пашаны, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, шматлікімі граматамі абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў, нагрудным знакам «За заслугі». Зусім нядаўна, у лютым гэтага года, Генадзю Кучко прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь».
Юнай дзяўчынкай пасля заканчэння тэхнікума прыйшла працаваць у гэту гаспадарку Леакадзія Давідовіч.
Было гэта ў далёкім 1966-ым, так што, як з усмешкай адзначае цяпер жанчына, на гэтым стуле яна сядзіць ужо пяцьдзясят пяць гадоў. Высокапрафесіянальны спецыяліст, яна ведае сваю работу да драбніц і выконвае яе старанна, з усёй адказнасцю. Спытай у Леакадзіі Гаўрылаўны пра любы паказчык, любую лічбу – і яна адкажа, доўга не раздумваючы. У мінулым годзе я пісала пра гэту цудоўную жанчыну матэрыял, назваўшы яго так: «Дэбіт з крэдытам у суладдзі». Гэта пацвярджаю і сёння. Інакш не адзначалася б яе праца шматлікімі граматамі і падзякамі, медалём «За працоўныя заслугі».
Нямала гадоў ведаю і галоўнага агранома гаспадаркі Віктара Драчылоўскага, які працуе ў «…зорах» больш за тры дзясяткі гадоў, а яго агульны працоўны стаж у агранаміі складае сорак два гады.
Сапраўдны аграном, знаўца палёў і культур – так можна назваць гэтага спецыяліста з глыбокімі ведамі, апрабаванымі шматгадовай практыкай. Ён любіць сваю справу і робіць яе з душой. Здавалася б, яму, высокапрафесіянальнаму спецыялісту, можна было б, як кажуць, спакойна працаваць і дабівацца вынікаў – ведаў і вопыту хапае. Ды не, ён упэўнены, што яго прафесія рознапланавая, цікавая, наватарская, а таму – стваральная. Таму і ўдасканальваецца ў ёй, сочыць за ўсімі навінкамі ў агранаміі.
Няпроста пералічыць усе ўзнагароды Віктара Драчылоўскага, якімі ён адзначаны за гады працы. Што і казаць, заслужыў іх чалавек. Летась, дарэчы, Віктар Уладзіміравіч удастоены ганаровага нагруднага знака «За заслугі ў сельскай гаспадарцы».
Пры падвядзенні раённых спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы травяных кармоў гаспадарка прызнана лідарам. У ліку пераможцаў – яе прадстаўнікі Аляксей Драчылоўскі (ён лепшы сярод камбайнераў кормаўборачных камбайнаў гаспадарак раёна) і вадзіцель Юрый Міклушы.
Традыцыйна адзначаюцца і працаўнікі, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых. Гэта знакаміты сямейны тандэм Аляксандра і Мікалая Гарэлікаў (яны сталі пераможцамі сярод старшых камбайнераў і камбайнераў), маладзёжны экіпаж у складзе Віталя Буцько і Уладзіслава Вараб’я, вадзіцель Максім Гурскі, аператары зернесушыльных установак Эдуард і Вячаслаў Радзевічы. У ліку перадавікоў раёна і галоўны інжынер Віктар Гакуць, камбайнавы экіпаж бацькі і сына Андрэя і Паўла Садоўскіх, галоўны ветэрынарны ўрач Юрый Казак, вадзіцель Аляксандр Гарэлік, галоўны энергетык Міхаіл Баран. Што тут скажаш, дастойная ацэнка працы дастойных людзей.
Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара