Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Не інтэрны – а спецыялісты

Рэанімацыя. Раней пры гучанні гэтага слова па целе прабягалі дрыжыкі і ва ўяўленні паўставаў напоўнены святлом тунель, які абазначае кволую мяжу паміж жыццём і небыццём. Менавіта гэты сюжэт такі папулярны ў фільмах пра медыкаў, якія здымаюць людзі пераважна далёкія ад медыцыны. Стэрэатыпы развейваюцца ўжо на ўваходзе ў рэанімацыйнае аддзяленне Цэнтральнай раённай бальніцы. Яно ад іншых адрозніваецца тым, што ў калідоры можна ўбачыць ніяк не пацыентаў, а толькі медыцынскі персанал. Засяроджаны на сваёй справе, упэўнены ў дзеяннях. Дарэчы, калектыў аддзялення ў гэтым годзе папоўніўся двума маладымі спецыялістамі – урачамі анестэзіёлагамі-рэаніматолагамі. Загадчык рэанімацыйнага аддзялення Аляксандр Матвеенка сваіх “навабранцаў” – Кацярыну Аўдзей і Аляксандра Крывенькага – характарызуе лаканічна: “Прыйшлі з добрымі ведамі, прымяняюць іх на практыцы. З абавязкамі спраўляюцца, адказныя”.IMG_4650

Пакуль Аляксандр Крывенькі быў заняты сваімі непасрэднымі абавязкамі, з Кацярынай мы размаўлялі ў ардынатарскай. Яна родам з Журых Вілейскага раёна. Бацькі – служачыя: мама, Таіса Канстанцінаўна, сацыяльны работнік, бацька, Аляксандр Віктаравіч, працуе ў ваеннай часці. Малодшая сястра Марыя скончыла лінгвістычны ўніверсітэт, перакладчык. Як бачым, медыкаў у сям’і няма, але Кацярыне змалку хацелася дапамагаць людзям. Таму, скончыўшы школу, дзяўчына паступіла ў другое медыцынскае вучылішча горада Мінска.
– Пасля заканчэння вучылішча працавала некаторы час медсястрой у “траўме”, – расказала яна, – а потым паспрабавала – і паступіла ў медыцынскі.
Віцебскі дзяржаўны медуніверсітэт яна скончыла ў 2010 годзе, інтэрнатуру праходзіла ў Маладзечанскай бальніцы ў якасці стажора анестэзіёлага-рэаніматолага. А пасля была накіравана ў Вілейку. Тут, дарэчы, яна ўжо была на паліклінічнай практыцы пасля чацвёртага курса і, пасля пятага, на практыцы ў стацыянары ў розных аддзяленнях раённай бальніцы. Кожнага ўрача, пад кіраўніцтвам якога праходзіла практыку, можа назваць сваім настаўнікам. Сёння ў рэанімацыйным аддзяленні працуе сем урачоў, сярэдні і малодшы медыцынскі персанал. Вядома, усе людзі розныя. Пра калектыў, у якім працуе, Кацярына Аляксандраўна расказала, што кампраміснае рашэнне ў ім заўсёды атрымліваецца знайсці, бо ідзе пастаяннае ўзаемадзеянне: дактары – малодшы медыцынскі персанал – пацыенты. “На тое ён і калектыў”, – такі вынік падводзіць яна.
На маё пытанне наконт спецыфікі работы ў рэанімацыі Кацярына Аўдзей заўважыла:IMG_4643
– Жыццё – з’ява непрадказальная. У ім здараюцца розныя сітуацыі, але мы робім усё, што ў нашых сілах. Медсёстры пастаянна знаходзяцца побач з хворымі, санітаркі ажыццяўляюць іх дагляд. Кожны дзень у аддзяленні цыркулюе шмат людзей, перад вачыма разгортваюцца розныя жыццёвыя сітуацыі. Часам прыходзіцца быць псіхолагам, асабліва пры размове з родзічамі пацыентаў. Бывае – складаней, бывае – прасцей, дзень на дзень не прыходзіцца. Калі прыходжу на працу, стараюся эмоцыі пакідаць па-за парогам, засяроджваю ўвагу на нейкіх дробязях – і працую. Бо ў рэанімацыі трэба быць уважлівым заўсёды.
Ад маладога доктара зыходзіць пазітыў. А гэта важна, бо пацыенты ў рэанімацыі бываюць самыя розныя, нават немаўляткі. З імі, кажа Кацярына, трэба быць найбольш пільнымі: іх стан можа пагоршыцца ў любую хвіліну, гэта звязана з недасканаласцю органаў і сістэм арганізма, маленькі чалавечак не можа паскардзіцца і паказаць, дзе яму баліць.
Тым часам, да размовы далучыўся яшчэ адзін малады доктар – Аляксандр Крывенькі. Родам ён з Язняў, пасля заканчэння Віцебскага медуніверсітэта, як і Кацярына, быў размеркаваны ў Вілейку. “Медыцына – гэта маё”, – так вырашыў ён для сябе перад паступленнем. І выбраў медыцынскі ўніверсітэт. Хоць у яго сям’і медыкаў таксама няма. Старэйшы брат Аляксандра працуе ў гаспадарцы ў Язнях, старэйшая сястра пасля заканчэння Віцебскай ветэрынарнай акадэміі – выкладчыкам у Ільянскім аграрным каледжы, там жа зараз вучыцца малодшая. Як і належыць мужчыне, Аляксандр Крывенькі нешматслоўны, але на пытанні пра медыцынскае абсталяванне і пра асаблівасці падачы і дазіравання наркозу расказвае падрабязна. Па яго прапанове разам з Кацярынай Аўдзей маладыя ўрачы правялі для мяне нават невялічкую экскурсію. Падчас яе якраз і атрымаліся гэтыя фотаздымкі. Слухаючы маладых медыкаў, я, пэўна, таксама раздзялю думку загадчыка аддзялення: адукаванымі і гатовымі зразумець чалавечы боль прыйшлі ў рэанімацыю маладыя спецыялісты.
Таццяна ШАРШНЁВА
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 189 queries