23 жніўня Маладзечна сустракала ўдзельнікаў абласнога форума «Беларусь адзіная». Магчымасць выказацца падчас дыялогу і пачуць адказы на свае пытанні атрымалі
і віляйчане.

Нагадаем, што першы рэгіянальны форум «Беларусь адзіная» адбыўся 20 жніўня ў Брэсце. А завяршацца дыялогавыя пляцоўкі напярэдадні Дня народнага адзінства – упершыню яго наша краіна адзначыць 17 верасня.
Адкрыццю мерапрыемства папярэднічалі разнастайныя выставы ў Маладзечанскім Палацы культуры, глядзельная зала якога размясціла амаль васемсот удзельнікаў.
Мадэратарам дыскусіі выступіў дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вадзім Гігін.

У дыялогу ўдзельнічалі намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч, палітолаг Аляксандр Шпакоўскі, філосаф і публіцыст Аляксей Дзермант, эканамічны эксперт Анастасія Баброва, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін.

Разам з прадстаўнікамі ўлады, грамадскасці, прафсаюзных арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі, дэпутатамі розных узроўняў, ваеннымі камісарамі, старшынямі раённых грамадскіх аб’яднанняў абмяркоўвалі, якой яны хочуць бачыць Беларусь заўтра і што кожны павінен для гэтага зрабіць.
Размова, якая доўжылася больш за тры гадзіны, атрымалася празрыстай, часам эмацыйнай, з вострымі пытаннямі і адказамі на іх.
Менавіта такі фармат абмеркавання эфектыўны і патрэбны ў грамадстве, адзначыў Вадзім Гігін.

– Рыхтуючыся да такіх сустрэч, як гэта, мы імкнёмся падтрымаць атмасферу адкрытасці – тую, якую людзі адчулі падчас “Вялікай размовы з Прэзідэнтам”, – адзначыў ён, узгадваючы шэраг мерапрыемстваў, якія сёння аб’ядноўваюць людзей, дазваляюць уздымаць розныя тэмы і даюць выказаць кожнаму сваё меркаванне, а таксама тое, што ідэя іх правядзення нарадзілася ў рэгіёнах. Значыць, грамадства цікавіць, што адбываецца і як будзе развівацца Беларусь далей.
Удзельнікі дыскусіі абмяркоўвалі многае – ролю палітычных партый у Беларусі, захаванне гістарычнай памяці і вялікі кошт перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, выкарыстанне нацыянальнай сімволікі, санкцыі, уплыў пандэміі на эканамічную сітуацыю ў краіне, канстытуцыйную рэформу, рашэнне сацыяльных праблем на рэгіянальным узроўні, выхаванне школьнікаў, ролю моладзі ў дзяржаўным будаўніцтве і іншыя.
Дыялог выйшаў далёка за межы фармату “пытанне-адказ”: яго ўдзельнікі, выступаючы з крытыкай і прапановамі, выказвалі свае меркаванні. Неабыякавая дыскусія пачалася пасля пытання, узнятага прадстаўніком вілейскай дэлегацыі Сяргеем Гарачавым, наконт неабходнасці ў школах настаўнікаў ваенна-патрыятычнага выхавання. Намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч засяродзіў увагу прысутных на тым, што пры падборы такіх кандыдатур у першую чаргу неабходна ўлічваць асабістыя якасці.

– Задача – не ўпусціць, а аб’яднаць моладзь, прывіваючы любоў да Радзімы, вялікай і малой, да свайго народа, зямлі. Гэта непарушныя каштоўнасці, – адзначыў ён асноўнае.
Важнасць зваротнай сувязі – гэта адзначылі спікеры ў працэсе размовы з удзельнікамі форума, зрабіўшы акцэнт на тым, што ўсе канструктыўныя прапановы знойдуць адбітак у законатворчасці, фарміраванні праграм развіцця і новай Канстытуцыі.
Падчас дыскусіі з вуснаў многіх удзельнікаў форума гучала слова “патрыятызм”. Хтосьці адзначаў, што галоўнае ў гэтым паняцці – любоў і міласэрнасць. Іншыя меркаванні – зямля, традыцыі, пераемнасць, сям’я. Але найбольш паняцце раскрываецца ў адзінстве ўсяго пералічанага – таго, што трэба захоўваць і берагчы.
Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара








