Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На прыз «За адданасць полю»

Вёска Кулеўшчына. Каб быць пазначанай на карце Віцебшчыны, не хопіць яе мізерных памераў. Усяго дзве хаткі там засталіся. Але адной сваёй назваю яна засталася ў сэрцы Уладзіміра Апанасёнка, механізатара “Новай Любаніі”. Таму што там – малая радзіма. Ад таго самага першага імгнення, калі пачаў усведамляць сябе на гэтай зямлі. Спачатку – як маленькі чалавек, здзіўлены разнастайнасцю акаляючага свету. Пасля ўжо – як асоба, надзеленая перад ім пэўнымі абавязкамі і адказнасцю.IMG_4599

Тут, у Кулеўшчыне, перажыў Уладзімір першы ў жыцці стрэс, суладны не з дзіцячым ўспрыняццем сітуацыі. Пакуль быў у школе, датла згарэла родная сядзіба. І яшчэ некалькі вясковых хат. Відовішча было гнятучае. І толькі бацькі, патомасныя сяляне, не выказалі знешняй разгубленасці. Захаваная дзедаўскімі генамі стойкасць спрацавала як імунітэт. Новую хату пабудавалі ў вёсцы Загадцы, колішнім кааператыве «Гарадзішча». А знамянальныя тыя мясціны тым, што былі родавым гняздом украінскага прэзідэнта Януковіча. У бытнасць сваю прэм’ерам ён наведаў родны куток. Сустрэўся з землякамі, арганізаваў для іх пачастунак, пабыў на могільніку, праявіў зразумелую цікавасць да развіцця кааператыву. Уладзімір тады якраз працаваў у СВК вадзіцелем. Візіт па свойму ўскалыхнуў людзей. І падзею колькі часу абмяркоўвалі ў майстэрні і на мехдвары.
Уладзімір – з тых цэльных, мэтанакіраваных натур, якія ніколі не здраджваюць сваім прынцыпам, а прынятыя аднойчы рашэнні робяць нормай свайго жыцця. У школе ён любіў аднолькава гісторыю і матэматыку. Але сваё будучае не звязваў ні з адным з гэтых прадметаў. У вучэбна-вытворчым камбінаце атрымаў пасведчанне трактарыста. А за руль сеў у вельмі юным узросце. Бацька, калгасны трактарыст, быў зусім не супраць, каб нашчадак пайшоў па яго слядах. Нават служба ў арміі звязана ва Уладзіміра з тэхнікай. Служыў у аўтарамонтных майстэрнях, якія займаліся абслугоўваннем ракетных установак. Дзякуючы такому спрыяльнаму збегу абставін, у літаральным сэнсе слова, скалясіў увесь былы Саюз. Дэмабілізаваўся – старшыня гаспадаркі не пашкадаваў для былога салдата новага аўтамабіля. Вазіў на ім збожжа, лес. Зноў былі далёкія рэйсы, цяпер ужо, праўда, цывільныя. Хоць абавязваючая сіла армейскай вывучкі вымушала да самадысцыпліны, адказнасці. Якасці, якія проста неабходны чалавеку за рулём.
Павага на рабоце, лад у сям’і – што яшчэ трэба, каб мець поўны душэўны камфорт? З будучай сваёй жонкай Уладзімір вучыўся ў школе. Праўда, як старшакласнік, не звяртаў асаблівай увагі на юнае дзяўчо, не прадчуваючы нават, што некалі стане яна яго лёсам. Сустракацца пачалі ўжо дарослымі. На святкаванні Новага года ў коле знаёмых вылучылі адно аднаго, а праз год, таксама на Новы год, згулялі вяселле. Трое хлопчыкаў нарадзіліся ў сям’і. Двое ўжо атрымоўваюць спецыяльнасці ў каледжах, а малодшы пакуль – школьнік.
Як лёс прывёў у «Новую Любанію»? Прычынай паслужыла рэарганізацыя СВК «Гарадзішча». Былы цэнтр гаспадаркі прыйшоў у заняпад. Спакваля зніклі аб’екты інфраструктуры, якія стваралі сацыяльны камфорт яго жыхароў. Людзі сталі пакідаць абжытыя месцы.
– Мы выехалі, бо дбалі аб будучым дзяцей, – робіць выснову з крутой перамены свайго лёсу Уладзімір. – Праз Любань я колькі разоў праязджаў. Мясціны гэтыя спадабаліся. Людзі. Я не памыліўся. У нас усё склалася. Жонка, зубны ўрач, працуе ў дзіцячым садку медсястрой і адначасова выхавацелем фізкультуры. Гаспадарка жыллё выдзеліла. Вунь, бачыце, мой сусед па сядзібе, Іван Сухарэцкі. Мы сябруем, – Уладзімір ківае ў бок «Амкадора», які спыніўся наводдаль, амаль на сярэдзіне мехдвара. Яго гаспадар усмешліва назірае за нашай размовай, канстатуючы, што да Уладзіміра «прыехаў карэспандэнт».
Амаль чатыры гады мой суразмоўца шчыруе на любанскай зямлі. Тут, пасля тых 20-гектарных кавалачкаў, на якіх ён прывык узнімаць ворыва, яго агрэгату – прастор. За ім замацаваны «КЗР» – гэта на час корманарыхтовак. Неаднойчы ў жніво садзіўся на камбайн. А мінулай вясной, перад пасяўной, атрымаў новенькі «Беларус 3022». Тэхніка сучасная, габарытная. А ў прычапным агрэгаце ён сам зрабіў такія-сякія ўдасканаленні. У тэхніцы я дылетант. Але Уладзімір тлумачыць даходліва, дэманструючы свае ноу-хау:
– У сеялцы стаялі алюмініевыя штангі. Метал мяккі, няхай сабе і ў сплаве, дэфармуецца. Таму я зняў са старога камбайна жалезныя дэталі і прыстасаваў іх пад штангі….
Зыходзячы з меркавання механізатара-практыка, канструктарам сельскагаспадарчай тэхнікі варта было б часцей звяртацца да вопыту яе выкарыстання на палях сельгаспрадпрыемстваў.
Мінулай вясной Уладзімір Апанасёнак засеяў больш тысячы гектараў палеткаў «Новай Любаніі». Былі сярод культур яравы рапс, кукуруза. І сёння ён задаволены вынікам:
– Паглядзіце, якая вымахала кукуруза. Праязджаю міма – любуюся. Цяпер заканчваю сяўбу азімага рапсу. Увесь аб’ём – 220 гектараў – на мне.
– Ён не можа зрабіць так-сяк. Усё ў яго грунтоўна, па сялянску, – так адгукаецца пра Уладзіміра кіраўнік гаспадаркі Юрый Дуброўскі. – У абы якім стане агрэгат не кіне. Няхай сабе і рабочы дзень скончыўся.
Ёсць сапраўды прафесіі, якія патрабуюць ад чалавека высокай самааддачы. Адна з такіх – хлебароб. Маштабны і высокі сэнс у гэтага паняцця. Менавіта хлебаробу даверыў Усявышні зямлю – найлепшы ўзор свайго высокага тварэння.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries