Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Аэрадром рыхтуе пасадку для «Расы»

Новы збожжасушыльны комплекс «АМКАДОР ЗСК-40Ш» паспелі зманціраваць у Асіпавічах напрыканцы жніва. Па-сутнасці, тэарэтычна захоўваецца магчымасць даводзіць на ім да патрэбнай кандыцыі зерне новага ўраджаю. Рэспубліканскі тэндар на мантаж выйграла прадпрыемства-вытворца. Аб’ект сучаснага дызайну, у якім пераважаюць металічныя канструкцыі, візуальна выклікае добрае аб сабе ўражанне. А гэта сведчыць, што яго стваральнікі праявілі клопат аб так званай вытворчай эстэтыцы, якая, безумоўна, павінна адпавядаць і тэхнічным характарыстыкам. fot_

На здымку: аператар Аляксандр Валынец.

Прадукцыйнасць комплекса тэарэтычна складае 800 тон зерня ў суткі. Спецыялісты сведчаць, што гэта – не мяжа. Пры напружанай рабоце і поўнай загрузцы сутачная прадукцыйнасць ЗСК можа дасягаць і тысячы тон. Праўда, у адпаведнасці праектнага рашэння жыццёвым рэаліям райаграсэрвіс, які набыў комплекс па лізінгу, так і не змог пераканацца. Хоць акт прыёмкі падпісаны. З улікам наяўных дэфектаў і непаладак, якія генпадрадчык – «АМКАДОР-МОЖА» абавязаўся ўхіліць у бліжэйшы час. Ухіленне некалькі зацягнулася. Цяжка разблытаць клубок супярэчнасцей, сплецены з усіх абавязваючых момантаў. У мантажнікаў – свае аргументы, у гаспадаркі – свае. Адно, з чым можна пагадзіцца, дык гэта з пазіцыяй райаграсэрвіса, выказанай яго кіраўніком Аляксандрам Бядрыцкім:
– Комплекс павінен быць надзейным у эксплуатацыі. Пакуль надзейнасць гэта не забяспечана, я не магу сказаць, што генпадрадчык са сваёй работай справіўся.
Якія ж прэтэнзіі выстаўляе гаспадар да мантажнікаў? У працэсе эксплуатацыі выявіліся няспраўнасці, якія, па сведчанню прадстаўнікоў «АМКАДОР-МОЖА», не ўплываюць на якасць сушкі зерня. Гаспадары прытрымліваюцца іншай думкі.SSA50351
Мантаж зроблены без належнага ушчыльнення канструкцый. Адыходы ад перапрацоўкі смеццем і пылам пакрываюць усю прылягаючую да ЗСК тэрыторыю. Наўрад ці планавалі праектанты падобную сітуацыю. І не гэта, бадай, галоўнае. Па сведчанні аператара комплекса Аляксандра Валынца, з-за няўшчыльненага даху зацякаюць бункеры з зернем.
– Загрузілі машыну, а назаўтра выграбаем збожжа рыдлёўкамі. А ўсё таму, што ноччу дождж прайшоў. Толькі калі б было ўсё да толку – атрымаўся б ідэальны варыянт…
Аляксандр Лявонцьевіч ведае, пра што гаворыць. Ён падрыхтаваны спецыяліст. Вучыўся на аператара ў самім «АМКАДОР-МОЖА». У аператарскай – камп’ютар. Умовы, пра якія можна толькі марыць. І хочацца верыць, што здзейсненымі будуць і ўсе астатнія мары райаграсэрвіса, які набыў комплекс не толькі для ўдасканальвання вытворчага дызайну мехдвара.
Пажніўны варыянт
Жніво ў райаграсэрвісе, як, між іншым, і ў раёне, збаўляе абароты. Планка валавога намалоту – 5200 тон. Пры ўраджайнасці 31,7 цэнтнера. Хлебаробы падсобнай гаспадаркі «Талуць» ганарацца сёлета намалотам у 21 цэнтнер з гектара. Бо летась ураджайнасць складала толькі трэць ад гэтай лічбы. Рост – вынік больш дасканалых тэхналогій, якія прыменены на зямлі Талуці пасля яе ўваходу ў склад акцыянернага таварыства.
Плюсуюць па намалоту падсобныя гаспадаркі «Асіпавічы», «Дружба». Тут паказчыкі больш важкія.
Поле паміж Асіпавічамі і Баранцамі здавён называюць аэрадромам. На ім і праўда некалі здзяйснялі пасадку «кукурузнікі». Мо таму захавала яно такі плаўны рэльеф, на якой камфортна адчувае сябе тэхніка цяпер ужо зусім іншага прызначэння. На ўскрайку поля прымясціўся «МАЗ-ТРАЛ» – так называецца гэта механізаваная махіна з чатырма платформамі, прызначаная для перавозкі грузаў самага рознага кшталту. Сэрвісаўскі трал можна бачыць на дарогах рэспублікі з гравіем і цэментам, шыферам і будаўнічымі канструкцыямі. Сёння ён даставіць на бліжэйшую ферму скручаныя ў тугія цыліндры рулоны пажніўнай саломы. Вадзіцель Васіль Радзевіч паважае давераную яму тэхніку. За яе надзейнасць і ўнушальны выгляд, за тое, што можна гнаць, як ён кажа, па МКАДу, заняўшы другую паласу, без асцярогі, што цябе «падрэжа» нейкі нявытрыманы ліхач.SSA50340
Валерый Дурэйка і Андрэй Гісіч на прэс-падборшчыках скручваюць па 150 рулонаў саломы за дзень. Раскошу здрабніць яе і заараць гаспадарка не можа сабе дазволіць. Салома патрэбна фермам, якія ў аграсэрвісе пачаргова ўступаюць у этап рэканструкцыі. Наогул жа, гаспадарка выпрацавала для сябе тэхналогію ўборкі саломы. За звяном камбайнаў (3 адзінкі) ідуць два прэс-падборшчыкі. І каб надвор’е было ўстойлівае, пажніўныя рэшткі на полі не ляжалі бы і лішнюю гадзіну. Нават пры збітым рытме следам за прэсамі ідзе «Амкадор» з пагрузчыкам. А за імі, не марудзячы, «Раса» і «Мікасан», уносячы гліфасаты пад ужо будучы ўраджай.
Георгій Чайкоўскі толькі трэці дзень працуе з абаротнымі плугамі. І пакуль яшчэ не звыкся з навінкаю. Яго палетак – пад хутарком Бабішча. Ворыва асцярожна абыходзіць круглую лапінку зямлі, засененую вершалінамі ліпаў, з абрысамі сціплых гаспадарчых пабудоў. Тут нядаўна змалацілі азімы рапс. І ў паветры востра пахне рэдзькай. А поле ўсё ж раўнее, пазбаўленае баразён і загонак. І Георгій, насуперак сваёй упартасці і звычкам, мусіць з гэтым пагадзіцца.SSA50334
За Асіпавічамі, уздоўж прасёлкавай дарогі, усхадзілася ад ветру каралева палёў. Рассыпаючы ў паветра залацісты пылок, гойдаюцца тонкія суквецці. А пругкія сцябліны, аздобленыя дыхтоўнымі пачаткамі, стаяць сцяной, захоўваючы спакой і паважнасць.
Кукуруза – гонар і любоў Аляксандра Бядрыцкага. Са здзіўленнем успамінае, што калісьці ён сумняваўся ў вартасці каралевы. Бо расла яна нізенькая, яму ў пояс. Маркотна было глядзець на палетак. Аказалася, не культура вінаватая, а некампетэнтнасць спецыялістаў-аграномаў. Каралева, як і належыць, патрабуе да сябе пашаны. Тады і цешыць яна хлебароба сваёй першароднай веліччу, пацвярджаючы свой некалі кімсьці прыдуманы тытул.SSA50342
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries